Падзеі 21 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
21 красавіка 1597 году быў пакараны сьмерцю Севярын Налівайка. Правадыр казацкага паўстаньня быў выгнаны ўрадавымі войскамі з Украіны на тэрыторыю цяперашняй Беларусі, дзе распачаў сапраўдную вайну. Паўстанцы захапілі Слуцак, Магілёў, Пінск ды іншыя гарады. Урэшце іх разьбілі, а Налівайка быў схоплены.
Таксама ў гэты дзень
1919 — войскі генэрала Жалігоўскага авалодалі Вільняй. У выніку спыніла сваё існаваньне Літоўска-Беларуская савецкая рэспубліка, бальшавікі паўцякалі, а Вільня на 20 гадоў апынулася ў складзе Польшчы.
1921 — выйшаў першы нумар газэты «Чырвоная зьмена». Выходзіла самастойным выданьнем да 2002 году, цяпер — дадатак да газэты «Звязда».
1996 — расейскія фэдэральныя войскі забілі першага прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя генэрала Джахара Дудаева. Паводле афіцыйных зьвестак, Дудаеў загінуў ад ракеты, наведзенай на сыгнал ягонага спадарожнікавага тэлефона.
У гэты дзень нарадзіліся
1833 — Віктар Отан Каліноўскі, гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, брат Кастуся Каліноўскага.
1903 — Мікола Аляхновіч, беларускі літаратурны крытык.
1926 — Лізавета II, каралева Вялікай Брытаніі ад 1952 году.
У памяці
1910 — памёр Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік.
1923 — памёр Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), беларускі паэт, філёзаф і публіцыст.