«Наша ніва» надрукавала артыкул Яўгена Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем», які закранае тэму ўзаемаадносінаў улады і апазыцыі і, шырэй, існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.
«Спалучэньне каранавіруснага і эканамічнага крызісаў можа стаць трагічным для Беларусі, калі ўлады ці апазыцыя наробяць памылак» — піша аўтар. Ён заўважае, што «як улады, гэтак і апазыцыя адзначаюцца дзіўнымі заявамі і паводзінамі. Як дзяржаўныя, так і апазыцыйныя СМІ часам выдаюць проста шалёныя і нават паскудныя матэрыялы» і заклікае да «цярпімасьці і стрыманасьці ў паводзінах і выказваньнях».
Я даўно сышоў з актыўнай палітыкі і ацэньваю такія публікацыі як аўтар, які піша ў тым ліку і на тэмы найноўшай гісторыі, таму і цяпер дазволю сабе пэўныя гістарычныя рэтраспэкцыі. Пад некаторымі палажэньнямі Прэйгермана я б падпісаўся, іншыя — нават узмацніў бы. Але некаторыя выклікаюць нязгоду.
Праблема канфрантацыі (альбо супрацоўніцтва) апазыцыі і ўлады паўстала адразу ж, калі ў 1988 годзе быў утвораны БНФ, і набыла практычнае значэньне, калі ў 1990 годзе яго прадстаўнікі былі абраныя ў Вярхоўны Савет і сфармавалі дэпутацкую апазыцыю.
Роздум над пэрыядам канца 80-х – пачатку 90-х гадоў прывёў мяне да некаторых высноваў.
Калі ты, знаходзячыся ў меншасьці, ня можаш хутка і энэргічна пераламаць сытуацыю на сваю карысьць (як зрабіла гэта Апазыцыя БНФ у жніўні 1991-га), канфрантацыі лепей запабегчы. Часьцей за ўсё, яна будзе контрапрадуктыўнай, асабліва ў пэрыяд станаўленьня дзяржаўнасьці. Але для гэтага патрэбны ня толькі жаданьне апазыцыі, здольнасьць пераступіць праз свае амбіцыі, але і добрая воля тых, хто ва ўладзе. Бяз гэтага ні пра якое супрацоўніцтва ня можа быць і гаворкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ня ўзгадвае пра 25 жніўня 1991
Так, адказнасьць за нацыю, за народ, нясе эліта. Найперш — палітычная яе частка. І ўлада, і апазыцыя. Але ня ў роўнай ступені. Большая адказнасьць на ўладзе, бо ў яе і магчымасьцяў болей.
Да пэўнага моманту нам, сьціснуўшы зубы, удавалася дасягаць пэўных кампрамісаў з пракебічаўскай парлямэнцкай большасьцю і зь ім самім (але не зь ягоным атачэньнем, палова якога ўжо тады была даляравымі мільянэрамі і спыняцца не зьбіралася), бо інтарэсы дзяржаўнасьці ўспрымаліся намі вышэй за партыйныя. Тады і былі прынятыя рашэньні аб утварэньні беларускага войска, памежнай і мытнай службаў, былі закладзеныя падмуркі ўласнай грашовай сыстэмы. Але знаходзіць паразуменьне было ўсё цяжэй.
І тут мушу прызнаць, што не цяперашні кіраўнік Беларусі пачаў выцісканьне апанэнтаў з палітычнага жыцьця.
У 1991-1994 годзе Беларусь была адзінай краінай з былых рэспублік СССР, дзе палітычная сіла (у нашым выпадку — БНФ), якая мела сваю фракцыю ў парлямэнце, і больш таго — якая фактычна прывяла краіну да Незалежнасьці, не была прадстаўленая ні ў міністэрствах, ні ў аблвыканкамах, ні ў гарвыканкамах, ні ў райвыканкамах, я ўжо не кажу пра пасады віцэ-прэм’ераў, міністраў ды іх намесьнікаў.
Іншымі словамі — не была дапушчаная да рэальнага кіраваньня дзяржавай, утварэньне якой яна, па сутнасьці, ініцыявала.
Чарговы раз мушу абвергнуць міф, што Кебіч нібыта прапаноўваў Пазьняку і дэпутатам, актывістам БНФ, пасады міністраў ці іх намесьнікаў, а мы не згаджаліся. Не прапаноўваў. Ніколі. А падкантрольная яму большасьць у парлямэнце тарпэдавала тыя законапраекты, якія мы прадстаўлялі (і якія былі прызнаныя міжнароднымі экспэртамі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993, Пазьняк: Незалежнасьці дамагліся БНФ і дэмсілы, а ўлада ў руках камуністычнай намэнклятурыІ яшчэ адзін міф — што БНФ цікавіўся толькі мовай. Я зь вялікімі цяжкасьцямі знаходжу ў стэнаграмах ВС за 1990-95 гады выступы дэпутатаў БНФ за мову і культуру — у асноўным гэта дзяржаўнае будаўніцтва, міжнародныя дачыненьні, сацыяльная сфэра, Чарнобыль і — эканоміка, эканоміка, эканоміка. І калі б сёньня я мог вярнуцца ў пачатак 90-х, дык менавіта б мове і адукацыі, нацыянальнай культуры ўдзяляў бы самую большую ўвагу. Бо на гэтым базуецца нацыянальная самасьвядомасьць.
І самае горшае, што, за рэдкім выключэньнем (віцэ-прэм’ер Дзямчук, міністры Краўчанка, Бутэвіч, намесьнік старшыні Дзяржпляну Вячорка) — кіраўніцтва выканаўчай улады сабатавала ўмацаваньне Незалежнасьці, стварэньне дзяржаўных інстытуцыяў, па-халуйску клалася пад Крэмль.
У такой сытуацыі апазыцыі звычайна нічога не застаецца, як абраць шлях жорсткай канфрантацыі. Няма, не існуе ў гісторыі палітычнай сілы, якая б у такіх варунках рабіла інакш. Інакш — гэта значыць самаліквідавацца.
Але з Кебічам хаця б можна было размаўляць. З тым жа, хто перамог на выбарах 1994 году, размаўляць было немагчыма — бо з самога пачатку ён выбраў стратэгію «выпаленай зямлі», поўнага выдаленьня апанэнтаў з палітычнага поля. Толькі 100% кантроль і поўнае падпарадкаваньне — у выканаўчых структурах, у парлямэнце, у судовай сыстэме.
І калі пры Кебічу апазыцыя павольна выціскалася, дык пры Лукашэнку адбыўся яе разгром.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны імкнуўся ботам пацэліць у твар». Хроніка зьбіцьця дэпутатаў БНФ«Усе гэтыя гады шмат якія відавочна важныя для краіны рашэньні не прымаліся толькі таму, што ці то ўлады, ці то апазыцыя лічылі, што яны супадалі з інтарэсамі апанэнтаў» — піша Прэйгерман.
Тут аўтару варта б удакладніць, якія канкрэтна гады ён мае на ўвазе.
Да пэрыяду 1990-1995 такія словы можна было б тэарэтычна прымяніць — тады дзейнічала парлямэнцкая апазыцыя, і нам, хоць далёка не заўсёды, удавалася заблякаваць некаторыя магчымыя рашэньні, у тым ліку і важныя, якія мы лічылі неспрыяльнымі для дзяржаўнасьці і разьвіцьця дэмакратыі
Напрыклад, у траўні-чэрвені 1991 году — увядзеньне пасады прэзыдэнта, на якую рыхтавалі артадаксальнага 1-га сакратара ЦК Малафеева. Тады нам у гэтым дапамог лідэр дэпутацкай групы «Камуністы за дэмакратыю» (я яе называў «Ваўкі за вэгетарыянтва») Аляксандар Лукашэнка, надрукаваўшы ў «Народнай газэце» артыкул з асуджэньнем спробаў замацаваць у Беларусі дыктатарскія мэтады.
Але цяпер — якія такія рашэньні, істотныя для дзяржавы, для Незалежнасьці, не былі прынятыя з той прычыны, што апазыцыя лічыла іх не супадаючымі з інтарэсамі апанэнтаў (г.зн. улады)? Ці разумее спадар Яўген, што ён напісаў?
Калі ўлада ў апошнія два дзесяцігодзьдзі лічылася з апазыцыяй пры прыняцьці якіх заўгодна сурʼёзных рашэньняў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя патрабуе ад Міністэрства здароўя Беларусі зьвестак пра эпідэмію ў рэжыме онлайнНапэўна, на мяне пакрыўдзяцца лідэры цяперашняй апазыцыі, але я перакананы, што калі яны ўсе разам выйдуць на плошчу і публічна зробяць харакіры, ну ці то спыняць палітычную дзейнасьць і будуць вырошчваць агуркі, бульбу, ці рабіць нешта яшчэ, вельмі далёкае ад крытыкі ўлады — гэта ну ніяк не паўплывае на рашэньні, якія прымаюцца ў дзяржаўных кабінэтах (хіба што давядзецца скараціць пэўныя структуры ў спэцслужбах).
І наадварот: калі лідэры апазыцыі зьбяруць усіх сваіх актыўных прыхільнікаў на Плошчы (пры індыфэрэнтнасьці, як вызначае Прэйгерман, «палітычна неактыўнага грамадзтва», якога ў Беларусі 99%) — віртуозы зь дзяржаўнага тэлебачаньня пададуць гэта як тусоўку хіпстэраў і фрыкаў. Пры 150-200 тысячах на Плошчы сытуацыя, канешне, будзе іншай.
Гэтымі словамі я не хачу кінуць папрок актывістам апазыцыі. Пачынаючы з 1994 года, партыі і грамадзкія рухі, якія апаніравалі Лукашэнку, актыўна і пасьлядоўна зьнішчаліся ўсёй магутнасьцю дзяржаўнага апарату, пры энэргічнай дапамозе прапаганды і спэцслужбаў.
Пацярпелі ад разгорому ня толькі апазыцыйныя палітыкі — найперш пацярпела грамадзтва. І, як ні парадаксальна, Лукашэнка таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэтыцыю за скасаваньне параду з 2500 подпісамі перадалі ў адміністрацыю Лукашэнкі
Вынікі мы бачым сёньня ў дні змаганьня з каранавірусам: калі глядзіш па тэлебачаньні нарады ў Лукашэнкі, такое адчуваньне, што ў чыноўнікаў языкі прысыхаюць да нёбу ад страху. Вакол Лукашэнкі няма людзей, якія не пабаяліся б сказаць яму ў вочы пра тое, у чым ён, мякка кажучы, ня мае рацыі, і што выстаўляе сёньня ў замежных СМІ яго, а значыць, і Беларусь у трагікамічным сьвятле (трактары, гарэлка, саўна, хакей, козачкі як сродак ад COVID-19 і, як эпагей — «Няма ніякага каранавірусу, пакажыце мне, дзе ён! Псыхоз!»).
Перакананы, што ў аналягічнай сытуацыі годзе ў 1991-м дэпутаты Голубеў ці Навумчык не пасьпелі б дабегчы да мікрафонаў, як на трыбуне ўжо стаяў бы дэпутат Лукашэнка і ў моцных выразах граміў бы таго ж Кебіча. І слушна: парлямэнт, дэпутаты, існуюць і для таго, каб кантраляваць выканаўчую ўладу. Але ў Беларусі гэтага няма з 1996 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і псыхозСлушна ўзгадваючы раскол грамадзтва як сур’ёзную ўнутраную небясьпеку, Яўген Прэйгерман, на жаль, не прыгадвае, хто яго пачаў. І хто ў 1995 ініцыяваў рэфэрэндум, які, як мы і папярэджвалі, раскалоў грамадзтва (насамрэч адбылося горш, рэфэрэндум ня толькі зьняважыў нацыю, ён пераламаў ёй хрыбет. Гэта, безумоўна, стратэгічная перамога прарасейскіх, праімпэрскіх сілаў, параўнальная толькі зь ліквідацыяй БНР, а калі яшчэ больш заглыбляцца ў гісторыю — дык са задушэньнем паўстаньня Каліноўскага. На выпраўленьне спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі і некалькі пакаленьняў, тут я пэсыміст).
І хіба гэта Сярэдзіч ці Радзіна, Старыкевіч ці Дынько апошнія дзесяцігодзьдзі насаджвалі нянавісьць да Незалежнасьці, нянавісьць да беларускай мовы, нянавісьць да нацыянальнай культуры, нянавісьць да яе носьбітаў?
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе дзяржаўныя СМІ абсьмейваюць абвяшчэньне Незалежнасьці і тых, хто яе дамогся, і дзе журналісты дзяржаўнага ТV на мільённую аўдыторыю ўжываюць дзяржаўную мову ў зьдзеклівым кантэксьце.
Толькі ў Беларусі наяўнасьць у чалавека нацыянальнай сьвядомасьці трансфармуецца ў зьняважлівую ацэнку — «свядомыя». У іншых краінах выхаваньне гэтай сьвядомасьці з’яўляецца мэтай дзяржаўных інстытуцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму дзяржаўная газэта надрукавала артыкул «Курапаты — нахабная хлусьня „сьвядомых“»?А хто дэманструе неспалучальнае, заяўляючы адначасна пра Незалежнасьць як найвялікшую каштоўнасьць — і клянецца ў вернасьці краіне, кіраўніцтва якой не хавае намераў зьнішчыць гэтую самую Незалежнасьць?
І гэта што, Пазьняк, Баршчэўскі, Вячорка, Беленькі, Лябедзька, Статкевіч, Севярынец ці Костусеў, праваабаронцы, «нячэсныя журналісты» — давялі за 26 гадоў да таго, што ўлада баіцца мэмарыяльную шыльду павесіць на доме, дзе была абвешчана 100 год таму Незалежнасьць, бо гэта можа раздражняць, як дыпляматычна выказаўся б Яўген Прэйгерман, групы «інтарэсаў унутры і па-за межамі, якія працуюць супраць беларускай дзяржаўнасьці»?
Сапраўды, у Беларусі існуюць і актыўна дзейнічаюць такія групы, аўтар безумоўна мае рацыю, у гэтым можна пераканацца, пачытаўшы незалежную прэсу.
А між іншым. Можа быць, для барацьбы з тымі, хто «працуе супраць беларускай дзяржаўнасьці», варта стварыць адмысловую структуру? Такую структуру мае кожная дзяржава. Чаму б ня мець міністэрства ці камітэт, які б абараняў інтарэсы бясьпекі гэтай дзяржаўнасьці? І назваць яго, ну, скажам, камітэтам дзяржаўнай бясьпекі?
У мае часы такі камітэт існаваў, мы, памятаецца, у 1993 годзе нават закон пра яго прымалі, там функцыі абароны сувэрэнітэту былі прапісаныя, калі не памыляюся, у прэамбуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: Дэпутаты БНФ абараняюць генэралаў КДБ і МУСУ сваіх рэтраспэкцыях у найноўшую гісторыю ня буду падрабязна спыняцца на тэме рэакцыі ўладаў на пандэмію, якая ў мяне, як члена адмысловай Камісіі ВС-12 па Чарнобылю выклікае déjà vu — вышэйшае кіраўніцтва ледзь ня крок у крок паўтарае тое, што рабіў у 1986-м тав. Сьлюнькоў. Дзейнасьць (а дакладней, бязьдзейнасьць) можа, сапраўды, зрабіць рэальным самы горшы сцэнар.
Яўген Прэйгерман слушна адзначае, што эканамічны крызіс у спалучэньні з пандэміяй можа ўяўляць пагрозу для дзяржаўнасьці Беларусі. Простымі словамі — Беларусь можа перастаць існаваць як дзяржава.
Я ўсё ж-такі дагавару тое, чаго не дагаворвае аўтар. Кіраўнік адной краіны, якая знаходзіцца ў пэрманэнтным працэсе «паўстаньня з каленяў», можа скарыстацца эканамічным каляпсам, масавай незадаволенасьцю насельніцтва дзеяньнямі ўладаў, сацыяльным выбухам і, атрымаўшы заклік ад пэўных групаў насельніцтва, якія папросяць яго ўратаваць іх ад каранавірусу і стварэньня двух-трох беларускамоўных клясаў на 9,5-мільённую Беларусь — увядзе танкавыя карпусы ў Воршу, Віцебск, Магілёў і Гомлю. Ну а з гэтагапляцдарму можна зрабіць і рывок на Менск, Горадню і Берасьце.
Магчыма, праўда, што і не давядзецца ўводзіць танкі і накіроўваць зьнішчальнікі — у беларускім войску і спэцслужбах хапае генэралаў і старэйшых афіцэраў, якія самі аддадуць патрэбныя каманды з той жа энэргіяй, зь якой яны пʼюць чарку пад тасты за тую краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радзіхоўскі: Пуціну ад Беларусі трэба было адно — каб яна самаліквідавалася і ўлілася ў склад РасеіБеларусь сёньня — адзіная краіна на плянэце, для якой каранавірус і эканамічны крызіс пагражае стратай дзяржаўнасьці. І гэта — на 29-м годзе дзяржаўнасьці (калі рабіць адлік ад 25 жніўня 1991 г.).
Гэта, безумоўна, унікум.
Скажыце, хто ў гэтым вінаваты?
29 гадоў — гэтага мала, каб зрабіць дзяржаўнасьць незваротнай? Колькі яшчэ трэба?
Ну, калі кіраўнік гэтай дзяржавы будзе лічыць аўтараў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце сваімі ворагамі, абражаць іх, а распад СССР называць злачынствам, дык ня хопіць і 290 гадоў (што радуе толькі аднымі — столькі не жывуць).
Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што дзяржаўнасьць — тое, дзе паразуменьне паміж уладай і апазыцыяй значна лепей, чым супрацьстаяньне.
Тым болей, што такія прыклады можна знайсьці і ў самым апошнім пэрыядзе найноўшай гісторыі. Праўда, тычыцца ён, у большай ступені, замежжа.
Я маю на ўвазе сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Тады прадстаўнікі беларускіх дыпляматычных місіяў прысутнічалі на ўрачыстых асамблеях дыяспары (у Лёндане — у будынку парлямэнта, у Празе — у старажытнай ратушы на Старамесцкай плошчы, дзе бралі ўдзел кіраўнікі мэрыі і некаторыя амбасадары эўрапейскіх краінаў). І ў Вялікабрытаніі, і ў Чэхіі гэта было ўспрынятае мясцовымі палітыкамі не як сэнсацыя, а як заканамернасьць, як павага да нацыянальнай гісторыі, якой і павінен вызначацца эўрапейскі народ.
Летась, будучы ў Менску, я схадзіў паглядзець, ці не абрынуўся раптам будынак МЗСу — не, стаіць на месцы.
І калі ідэяй аўтара тэксту быў пачатак нейкага дыялёгу (магчыма, я памыляюся), дык, мне падаецца, у Яўгена Прэйгермана дастаткова паліталягічнай і гістарычнай абазнанасьці, каб разумець: пачынаць павінна ўлада. З розных прычынаў — і палітычных, і псыхалягічных.
Але, ведаючы па 90-х таго, ад каго адзінага гэта залежыць, я меў бы сьмеласьць выказаць бязьмежна глыбокі скептыцызм адносна такой пэрспэктывы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я ўзарваў апазыцыйную кляаку. Топ-9 выказваньняў Лукашэнкі пра «пятую калёну»