Як 150 эканомік Беларусі. МВФ ацаніў страты сусьветнага ВУП ад пандэміі

Ілюстрацыйнае фоте

Страты сусьветнага ВУП у выніку распаўсюджваньня каранавірусу новага тыпу могуць дасягнуць 9 трыльёнаў даляраў. З такім папярэджаньнем выступіла ў аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне галоўны эканаміст Міжнароднага валютнага фонду Гіта Гопінат.

«Гэта больш, чым эканомікі Японіі і Нямеччыны, калі іх аб’яднаць», — заявіла спэцыялістка. Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра «па-сапраўднаму глябальны крызіс, не закранутай не засталася ні адна краіна».

Калі ўлічыць, што летась ВУП Беларусі склаў амаль $60 млрд, то прыведзеная МВФ лічба роўная прыблізна 150 эканомікам Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%

Да цяперашняга часу новым каранавірусам заразіліся больш за 1,9 млн чалавек, каля 120 тысячаў памерлі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ