Шасьціразовы алімпійскі чэмпіён у гімнастыцы Віталь Шчэрба
ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Лас-Вэгасе, дзе валодае ўласнай школай гімнастыкі. Ужо месяц у гэтым амэрыканскім горадзе карантын. У інтэрвію спартоваму выданьню «Трыбуна» Шчэрба расказаў, як эпідэмія каранавірусу зьмяніла ягонае жыцьцё, а таксама падзяліўся сваім поглядам на тое, як змагаюцца з хваробай у Беларусі.
Пра сытуацыю ў Лас-Вэгасе
У нас усё зачынена: ад паркаў да крамаў. Працуюць толькі харчовыя крамы, аптэкі і запраўкі. У нас ёсьць вялікае возера, і туды таксама нельга патрапіць. Але забароны выходзіць з дому няма.
Пра закрыцьцё ягонай школы гімнастыкі
Гэта, вядома ж, сурʼёзны ўдар па маім бізнэсе. Тым ня менш, тыя ж камунальныя плацяжы цяпер невялікія, бо заля не працуе. Спакойна іх аплачваю. Ды і, насамрэч, калі не аплачу, то ўсё роўна ні сьвятло, ні ваду не адключаюць. Прэзыдэнт ЗША выдаў указ, што на час пандэміі ніводная з кампаній, якія забясьпечваюць паступленьне вады, газу і электрычнасьці, ня мае права ні адключаць, ні спаганяць даўгі, ні рабіць нейкія іншыя падобныя крокі. Усе кампаніі чакаюць, нават калі ў кагосьці назапасіліся даўгі. Тым не менш, потым людзям трэба ўсё аплаціць.
Плюс, так як эканоміка Амэрыкі ў прынцыпе трымаецца на малым бізнэсе, то дзяржава ўсімі спосабамі нам дапамагае. Напрыклад, усе нашы іпатэкі па залі, па дамах цяпер плаціць не трэба. Я цяпер не плачу крэдыты за залю, за дом, за машыну. І так можна рабіць на працягу трох месяцаў. Кожны чалавек у Злучаных Штатах атрымлівае спэцыяльную дапамогу. Пакуль дапамагае дзяржава, але што будзе далей, ня ведаю.
Пра сытуацыю ў Беларусі
Шчыра скажу: тое, што краіна не закрывае межы, ня ўводзіць карантын – гэта крыху няправільна. Не разумею, што робіць Лукашэнка. Напэўна, калі людзі пачнуць паміраць семʼямі, прэзыдэнт задумаецца і ўвядзе карантын, як у звычайных краінах. Гэта самае дзейснае рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Докшыцы: адна сястра з каранавірусам, другая з пнэўманіяй, муж памёр у шпіталі. Дзе заразіліся, невядомаПра пляны правесьці парад 9 траўня
Калі сурʼёзна, то, думаю, як шмат народу захварэе, усё гэта стане вядомым, тады рабіць нешта будзе ўжо позна.
Пра сваю маму, якая жыве ў Менску
Яна сядзіць дома, нікуды не выходзіць, максымум у краму. Вядома ж, хвалююся за яе, але што я магу зрабіць? Ёй будзе 73 гады, так што яна, як той казаў, у зоне рызыкі. Тым ня менш, як ужо сказаў, яна нікуды не выходзіць, так што ўсё нармальна. Што яна мне расказвае пра сытуацыю ў Беларусі? Толькі тое, што гавораць па тэлевізары. Дык я гэта і сам ведаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ»У студзені ў інтэрвію той жа «Трыбуне» Шчэрба пазытыўна выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку.
«Вядома ж, і ён робіць шмат глупстваў, сам сябе падстаўляе, ледзь не свайго малодшага сына рыхтуе да прэзыдэнцтва, але калі б на месцы Лукашэнкі быў бы нехта іншы, то было б яшчэ горш. Я знаёмы з ім асабіста — нават гарэлку разам пілі, — і лічу яго разумным чалавекам. Альтэрнатывы яму ня бачу. Лепш Лукашэнка, чым незразумела хто».