Карыстальнікі інтэрнэту зьвярнулі ўвагу, што на сайце дзяржаўных закупак пэрыядычна пачаў зьяўляцца лот «гермэтычны плястыкавы пакет для ўпакоўкі трупаў». У адной з мэдычных установаў патлумачылі, што гэта плянавая закупка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Усяго 13 красавіка на сайце дзяржаўных закупак можна знайсьці чатыры падобныя запыты. Усе яны зьявіліся ў сакавіку-красавіку гэтага году. Адначасна па іншых лотах можна знайсьці інфармацыю аж да лета 2019 году.
Паводле сайту дзяржзакупак, пакеты для трупаў былі патрэбныя:
- вайсковаму шпіталю ў Менску (17 сакавіка);
- абласному клінічнаму шпіталю ў Віцебску (4 красавіка);
- унівэрсытэцкай клініцы ў Горадні (10 красавіка);
- шпіталю ў Лёзьне Віцебскай вобласьці (10 красавіка).
Розныя ўстановы меліся закупіць ад 10 да 50 штук (агулам 160). Аднак цана на адзін пакет адрозьнівалася. Прыкладам, мяхі для вайсковага шпіталя каштавалі па 12 рублёў, а для віцебскай лякарні — па 28.
Намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай унівэрсытэцкай клінікі Алег Зянькоў у адказ на пытаньне, ці плянавая гэта закупка, ці зьвязаная з каранавірусам, адказаў, што камэнтароў яны не даюць, але дадаў, што гэта «звычайная плянавая закупка».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ