Каранавірус: пяць краін, якія першымі адновяць эканоміку і вернуцца да нармальнага жыцьця

У пачатку мінулага тыдня аўстрыйскія ўлады першымі ў Эўропе абвясьцілі аб плянах паступовай адмены абмежавальных захадаў, зьвязаных з крызісам вакол COVID-19. Пакуль незразумела, хто яшчэ можа пайсьці за прыкладам Аўстрыі, але відавочна, што вяртаньне да нармальнага жыцьця будзе няпростым.

Экспэрты ўжо пачалі прагназаваць, як яно будзе выглядаць, калі каранавірус ўдасца ўтаймаваць, і якія дзяржавы першымі выйдуць з эканамічнай рэцэсіі.

Пандэмія COVID-19 дадала глябальнай эканоміцы беспрэцэдэнтна высокі элемэнт непрадказальнасьці. Дзяржавы спрабуюць перамагчы інфэкцыю, ідучы на самыя сур’ёзныя меры, у тым ліку на фінансавае ўмяшаньне, у спробе стабілізаваць рынкі.

Хоць перамога над вірусам яшчэ не праглядаецца, экспэрты ўжо спрабуюць зазірнуць у будучыню і зразумець, якія краіны першымі змогуць перазапусьціць сваю эканоміку.

Каб лепш зразумець іх прагнозы, мы зьвярнуліся да «Індэксу эканамічнай бясьпекі-2019», складзеным страхавой кампаніяй FM Global.

10 самых устойлівых эканомік, паводле «Індэксу эканамічнай бясьпекі-2019»

  • 1. Нарвэгія
  • 2. Данія
  • 3. Швайцарыя
  • 4. Нямеччына
  • 5. Фінляндыя
  • 6. Швэцыя
  • 7. Люксэмбург
  • 8. Аўстрыя
  • 9. Цэнтральныя штаты ЗША
  • 10. Вялікабрытанія

Поўны спіс - тут.

«Індэкс» выбудоўвае рэйтынг 130 дзяржаў паводле трываласьці іх дзелавога клімату і здольнасьці да аднаўленьня. Ацэнкі заснаваныя на такіх фактарах, як палітычная стабільнасьць, пасьпяховасьць карпаратыўнага кіраваньня, умовы для ўзнікненьня рызык, адпрацаванасьць лягістычных мэханізмаў гандлёвых ланцужкоў і празрыстасьць бізнэс-асяродзьдзя.

Супаставіўшы рэйтынг той або іншай краіны зь яе першапачатковай рэакцыяй на пандэмію, мы выдзелілі дзяржавы, якія з высокай ступеньню верагоднасьці захаваюць стабільнасьць і ўстойлівасьць эканомікі на працягу крызісу.

Данія

У «Індэксе» краіна займае другое месца, вылучаючыся высокімі ацэнкамі за кантроль над сыстэмай забесьпячэньня і нізкай карупцыяй у органах кіраваньня.

У пачатку крызісу ўрад краіны дзейнічаў рашуча, хутка ўвёўшы сацыяльнае дыстанцыяваньне, зачыніўшы 11 сакавіка школы і другарадныя прыватныя прадпрыемствы, а 14 сакавіка забараніўшы ўезд для ўсіх замежнікаў, нягледзячы на тое, што на той час там было толькі некалькі выпадкаў заражэньня каранавірусам.

Такія захады ўжо даказалі сваю эфэктыўнасьць. У параўнаньні з мінулым годам захворваньні на звычайны грып зьнізіліся на 70%, што можна разглядаць як добры індыкатар эфэктыўнасці крокаў ураду.

Датчане прывыклі давяраць сваім уладам і заўсёды гатовыя згуртавацца дзеля агульнай справы — і гэта павысіла эфэктыўнасьць ужытых захадаў.

Дацкія ўрадавыя захады (напрыклад, выплата 90% зарплаты пагадзіньнікам і 75% — тым, хто на акладзе) ужо прызнаныя ў якасьці ўзору для астатняга сьвету. Гэтыя захады як бы замарожваюць эканоміку да лепшых часоў. Зрэшты, дацкая мадэль — нятанная, яна можа каштаваць краіне да 13% ВУП.

Сынгапур

Рэйтынг Сынгапуру (21-е месца ў «Індэксе эканамічнай бясьпекі») даволі высокі за кошт моцнай эканомікі, нізкіх палітычных рызык, выдатнай інфраструктуры і нізкага ўзроўню карупцыі.

Гэтая краіна таксама хутка ўвяла захады стрымліваньня пашырэньня каранавірусу, крывая росту захворваньняў тут — адна з самых згладжаных ў сьвеце.

Аднак знаходзяцца і тыя, хто парушае правілы самаізаляцыі. У такіх адбіраюць пашпарты і працоўныя пропускі.

Сынгапур — маленькая краіна, і выхад з крызісу будзе залежаць ад акрыяньня сусьветнай эканомікі, але яго жыхары вераць у шчасьлівую будучыню сваёй нацыі.

Шматлікія кампаніі хутка прыстасаваліся да новых умоваў, наладзіўшы для сваіх супрацоўнікаў працу з дому. А ўрад выпусьціў мабільную аплікацыю Trace Together, якая дапамагае адсочваць пашырэньне вірусу. Яе спампавалі на свае смартфоны многія сынгапурцы.

Злучаныя Штаты

Каб дакладней адлюстраваць шырокі геаграфічны ахоп гэтай краіны, у «Індэксе» яе падзялілі на заходні, цэнтральны і ўсходні рэгіёны, і ў цэлым усе тры займаюць даволі высокія пазыцыі ў рэйтынгу (адпаведна 9-е, 11-е і 22-е месца).

Стрымаць пашырэньне вірусу аказалася асабліва цяжка ў такіх мэгаполісах, як Нью-Ёрк. Узровень беспрацоўя ўжо паказвае рэкордныя лічбы (на канец сакавіка — 6,6 млн чалавек) — пераважна праз тое, што больш чым у палове штатаў усё зачынена, улучна з рэстаранамі і прадпрыемствамі гандлю, а таксама іншы бізнэс, які трымаецца на кліентах, што заходзяць з вуліцы.

Але ўлады ЗША хутка ўжылі захады для стабілізацыі эканомікі (пакет дапамогі на 2 трлн даляраў), увялі сацыяльнае дыстанцыяваньне, што, відаць, мела пэўны эфэкт. У выніку гэта мае зьмякчыць наступствы пандэміі і дазволіць хутчэй аднавіць нармальнае эканамічнае жыцьцё.

Экспэрты прагназуюць спачатку рэзкае падзеньне эканомікі, а потым вельмі хуткае аднаўленьне ў другой палове году.

Стан эканомікі ЗША важны для ўсіх астатніх краін, бо яна складае амаль чвэрць сусьветнага ВУП, таму аднаўленьне сусьветнай эканомікі моцна залежыць ад таго, як з гэтым дадуць сабе рады Злучаныя Штаты.

Гаворачы агулам, эканоміка ЗША знаходзіцца ў лепшым становішчы для аднаўленьня пасьля сур’ёзных крызысаў у параўнаньні з эканомікамі іншых краін. Насельніцтва тут у сярэднім маладзейшае і больш мабільнае, чым у астатнім сьвеце, абмежаваньні на рынку працы, як правіла, невялікія , што дапамагае хуткаму пераразмеркаваньню працоўнай сілы.

Экспэрты лічаць, што Злучаным Штатам давядзецца інвэставаць у новыя формы грамадзкай аховы здароўя і стварыць устойлівую мадэль сацыяльнай абароны і інстытуцыйнай жыцьцяздольнасьці.

Руанда

Дзякуючы нядаўняму прагрэсу ў сфэры карпарацыйнага кіраваньня, Руанда за апошнія гады значна палепшыла сваю пазыцыю ў «Індэксе», пераскочыўшы аж праз 35 прыступак і апынуўшыся на 77-м месцы ў рэйтынгу самых устойлівых эканомік сьвету (сярод афрыканскіх краін яна займае чацьвёртае месца).

Але самае важнае, што ў Руанды ёсьць неацэнны досьвед барацьбы з падобным і нават больш сьмяротным вірусам — краіна здолела не дапусьціць у сябе пашырэньня эболы у 2019 годзе, калі ў суседняй Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга быў выбух гэтай хваробы.

Сыстэма ўсеагульнай аховы здароўя, замеры тэмпэратуры на памежных пераходах, выкарыстаньне дроннаў для дастаўкі лекаў — выглядае, што Руанда выдатна падрыхтаваная да таго, каб падтрымліваць стабільнасьць на працягу крызісу, асабліва калі параўнаць з суседзямі па рэгіёне.

Сярод афрыканскіх краін, разьмешчаных на поўдзень ад Сахары, Руанда стала першай, якая ўвяла поўны карантын. Тут развозяць бясплатную ежу найбольш уразьлівым руандыйцам, якія апынуліся ў ізаляцыі.

Новая Зэляндыя

У згаданым вышэй «Індэксе» Новая Зэляндыя займае 12-е месца, маючы асабліва высокія ацэнкі ў сфэрах карпарацыйнага кіраваньня і забесьпячэньня.

Улады гэтай краіны таксама хутка адрэагавалі на пандэмію, зачыніўшы 19 сакавіка межы для замежных падарожнікаў і 25 сакавіка забараніўшы працу прадпрыемстваў з другасных галін гаспадарчай дзейнасьці.

І жорсткія захады ўжо прыносяць плён: калі яны будуць выконвацца і ў наступныя некалькі тыдняў, то выпадкі заражэньня будуць выкараненыя, а краіна стане адной зь першых, што пасьпяхова вернуцца да нармальнага жыцьця.

Экспарт і турызм — галоўныя складнікі эканомікі гэтай краіны, так што Новай Зэляндыі ў найбліжэйшым часе давядзецца сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасьцямі.

У цэлым у краіны выдатныя шанцы на стабільнае аднаўленьне эканомікі — дзяржаўны доўг малы, ёсьць магчымасьць задзейнічаць насычэньне эканомікі грашовай масай і пры гэтым трымаць нізкімі працэнтныя стаўкі.

Важна і тое, што Новая Зэляндыя застаецца краінай, дзе адносна высокі давер да ўладаў. Гэта добрая аснова для аднаўленьня пасьля таго, як ахова здароўя і эканоміка перажывуць найбуйнейшае за шмат пакаленьняў ўзрушэньне.

Паводле матэрыялаў BBC Travel