Мэдыкі ў Буда-Кашалёве заразіліся каранавірусам

Ілюстрацыйнае фота

Мэдыкі ў раённым цэнтры Буда-Кашалёве (Гомельская вобласьць) заразіліся каранавірусам. Вядома прынамсі пра два выпадкі COVID-19 — у мэдсястры і санітаркі раённага шпіталю. Пра гэта Свабодзе паведамілі інфармаваныя крыніцы.

УЖЫВУЮ. Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Галоўны санітарны лекар Буда-Кашалёўскага раёну адмовіўся камэнтаваць сытуацыю, кінуўшы слухаўку. Тэлеграм-канал «Баста» піша, што ў Буда-Кашалёве захварэлі на COVID-19 лекары з тэрапэўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленьняў.

Паводле раённай газэты «Авангард», у пяці жыхароў раёну пацьверджаны каранавірус, усе яны шпіталізаваныя ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.

Першым у Буда-Кашалёўскім раёне захварэў 9-гадовы хлопчык, як займаўся ў гомельскай СДЮШАР-4 і заразіўся ад трэнэраў, якіх шпіталізавалі з каранавірусам.

Гэта ня першы выпадак заражэньня мэдыкаў каранавірусам у Гомельскай вобласьці. На мінулым тыдні тэсты на COVID-19 пацьвердзілі ў мэдыкаў Акцябрскага раённага шпіталю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Акцябрскім і Жлобінскім раёнах на Гомельшчыне выявілі COVID-19. Абласны шпіталь на карантыне

Раённая газэта «Чырвоны Кастрычнік» паведамляе, што па стане на 13 красавіка ў 11 жыхароў Акцябрскага раёну выяўлены каранавірус. Усе яны шпіталізаваныя ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Акцябрскім і Жлобінскім раёнах на Гомельшчыне выявілі COVID-19. Абласны шпіталь на карантыне