«Практычна мы ня можам прадаваць віно». У Грузіі праз каранавірус запаволілася вінавытворчасьць

У Грузіі з прычыны пандэміі пачалі менш вырабляць віна. Адны прадпрыемствы скарачаюць вытворчасьць, іншыя — зусім спыняюцца. Рэпартаж Зьвіяда Мчэдлішвілі («Настоящее время»).

Георгі, уладальнік невялікай сямейнай вінаробні, за год вырабляе ад чатырох да пяці тысяч бутэлек віна некалькіх гатункаў. 70% прадукцыі экспартуецца ў Нямеччыну, Нідэрлянды, Чэхію і ЗША.

«Нядаўна да гэтага сьпісу дадалася Польшча. Але віно, якое было адпраўлена туды на экспарт, давялося фактычна з паўдарогі вяртаць назад. Гэта значыць, усё было гатова, дакумэнты былі ў парадку, але віно давялося вярнуць з прычыны цяперашняга крызісу ў сьвеце», — кажа Георгі Гвардзэлашвілі.

Паводле яго, большасьць грузінскіх малых вінаробняў прадаюць сваю прадукцыю пераважна за мяжу. А з пачаткам пашырэньня каранавірусу па сьвеце экспарт практычна спыніўся: большасьць пакупнікоў вырашылі перачакаць крызіс.

«На грошы, якія мы атрымліваем з рэалізацыі нашага віна, мы ж і вырошчваем нашы вінаграднікі. Цяпер пачаліся вясновыя працы, і гэта спалучана зь вялікімі выдаткамі, патрэбныя прэпараты, шмат чаго. А яшчэ ж трэба ўтрымліваць сям’ю. І сёньня сямейныя вінаробні апынуліся перад складанай перашкодай, мы практычна ня можам прадаваць віно», — працягвае Георгі.

Прадстаўнікі буйных кампаній, якія штогод вырабляюць мільёны бутэлек віна, у сваю чаргу, устрымліваюцца ад публічных выказваньняў пра ўзроўні продажаў. Тым ня менш прадстаўнікі дзьвюх кампаній усё ж расказалілі «Настоящему времени», што продажы іх прадукцыі як у Грузіі, так і за мяжой пакуль зьнізіліся толькі нязначна. Але затое замарудзілася сама вытворчасьць. З прычыны строгіх карантынных захадаў, якія дзейнічаюць па ўсёй краіне, частку магутнасьцяў прыйшлося спыніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны аўстра-вугорскі пісьменьнік, які піша па-расейску». Ігар Памяранцаў пра свабоду, паэзію, радыё, віно, Беларусь

Экспэрты лічаць, што крызіс, справакаваны пандэміяй, так або інакш адаб’ецца на ўсёй вінаробнай галіне.

«Цяжка цяпер гаварыць пра ўплыў на вінаградарства, але на вінагандаль, на жаль, будзе вельмі нядобры ўплыў. І ня толькі ў нас. Хоць тут па-рознаму. Падчас крызісу крызіс таксама трэба выкарыстоўваць — у добрым сэнсе», — лічыць прэзыдэнт Грузінскай асацыяцыі самэлье Шалва Хецурыяні.

Вінаробства — не асноўная, але прыбытковая галіна грузінскай эканомікі. У 2019 годзе з Грузіі было экспартавана да 94 мільёнаў бутэлек віна. Гэта самы высокі паказьнік у сучаснай гісторыі краіны. Усяго сукупныя даходы ад гандлю віном, брэндзі і грузінскай традыцыйнай гарэлкай — чачай склалі каля 345 мільёнаў даляраў.