Найлепш, як думаю, будзе даць мой рэкамэндацыйны сьпіс у храналягічным парадку.
Мой выбар, безумоўна, да пэўнай ступені суб’ектыўны. Я згадваю тут толькі такія стужкі, якія сам паглядзеў і якія мне спадабаліся. Тым ня менш пераважную большасьць зь іх можаце знайсьці і ў розных даўжэйшых рэйтынгах «найлепшых» музычных фільмаў у гісторыі, даступных у інтэрнэце.
Заставайцеся дома, чытайце кнігі, слухайце музыку, глядзіце кіно…
West Side Story (1961) — Вэстсайдзкая гісторыя
Магчыма, фільм сёньня папахвае ўжо крыху старасьветчынай. Але гэта клясыка музычнага жанру, а клясыку трэба ведаць. Фільм зьнялі рэжысэр Робэрт Ўайз і харэограф Джэрам Робінс на падставе аднайменнага мюзіклу Леанарда Бэрнстайна і Стывэна Сондгайма. Гэта рамантычная музычная драма — варыянт гісторыі пра Рамэа і Джуліету, перанесенай у асяродзьдзе варожых адзін аднаму моладзевых гангаў у Нью-Ёрку 1950-х.
A Hard Day’s Night (1964) — Вечар цяжкага дня
Пік «Бітлманіі». Пол, Джон, Джордж і Рынга спрабуюць дабрацца зь Лівэрпулю на канцэрт у Лёндан і пазьбегчы сьмерці ў абдымках звар’яцелых фанак. Даволі абсурдны, але дасьціпны сюжэт. Незабыўныя песенькі з аднайменнага альбому. Куча моўнага гумару, якім таксама славілася лівэрпульская чацьвёрка.
Les Parapluies de Cherbourg (1964) — Шэрбурскія парасончыкі
Можна глядзець колькі заўгодна разоў і за кожным разам адчуваць эстэтычную ўзрушанасьць. Мабыць, найлепшая музычная кінамэлядрама ўсіх часоў. Рэжысэр — Жак Дэмі. Цудоўная музыка Мішэля Леграна. Незабыўная роля Катрын Дэнёў.
Help! (1965) — Дапамажыце!
Наступная фільмовая ўдача «Бітлаў». Рэжысэр музычнай камэдыі — Рычард Лестэр. Нейкая тайная і жахлівая сэкта спрабуе завалодаць Рынгавым пярсьцёнкам, які конча патрэбны, каб скласьці рытуальную крывавую ахвяру… Але — ня варта пра сюжэт. Песенькі там такія: «Help!», «You’re Going To Lose That Girl», «You’ve Got To Hide Your Love Away», «Ticket To Ride», «The Night Before», «I Need You», «Another Girl», «She’s a Woman».
Les Demoiselles de Rochefort (1968) — Паненкі з Рашфору
Гэта другі музычны фільм геніяльнага трыё: Жака Дэмі, Мішэля Леграна і Катрын Дэнёў. З Катрын Дэнёў выступіла яе сястра Франсуаза Дарлеак, на той час таксама зорка францускага кіно, якая не дачакалася прэм’еры фільму, загінуўшы ў транспартным здарэньні годам раней. Магчыма, фільм ня так пасьпяховы, як «Шэрбурскія парасончыкі», але ўсё ж знакаміты. І музыка выдатная, і харэаграфія.
Fiddler on the Roof (1971) — Скрыпач на даху
Вельмі ўдалая экранізацыя аднайменнага мюзіклу (музыка: Джэры Бок; лібрэта: Шэлдан Гарнік; сюжэт на падставе апавяданьняў Шолама-Алейхэма: Джозэф Стэйн). Рэжысэр: Норман Джуісан. Бедны малочнік Тэўе ва ўкраінска-габрэйскай вёсцы на пачатку 20 стагодзьдзя спрабуе выдаць замуж пяць дочак… Выдатна сыграныя ролі, запамінальная музыка, добрая сцэнаграфія. Клясыка музычнага фільму.
Cabaret (1972) — Кабарэ
Музычная драма, экранізацыя аднайменнага мюзіклу, абапёртага на навэлах брытанскага пісьменьніка Крыстафэра Ішэрвуда. Рэжысэр: Боб Фос. Геніяльная Лайза Мінэлі ў ролі сьпявачкі кабарэ, геніяльныя выкананьні песень. Бэрлін, часы Ваймарскай рэспублікі, сыход дэмакратыі, надыход нацызму, эратычная амбівалентнасьць герояў… Фільм — сярод найлепшых дасягненьняў у гісторыі Галівуду.
Tommy (1975) — Томі
Рок-опэра Пітэра Таўнсэнда, лідэра знакамітага брытанскага гурта The Who, у эстэтычна вар’яцкай экранізацыі ня менш знакамітага брытанскага рэжысэра Кэна Расэла. У фільме выступілі: The Who, Элтан Джон, Тына Тарнэр, Эрык Клэптан, Джэк Нікалсан… Must see.
Hair (1979) — Валасы
Першакляснае антываеннае кіно, абапёртае на аднайменным мюзіклу, вельмі папулярным у эпосе хіпі, у другой палове 1960-х. Рэжысэр: Мілаш Форман. Мэлёдыі «хапаюць за сэрца» яшчэ і сягоньня.
All That Jazz (1979) — Увесь той джаз
Яшчэ адна калясальная ўдача Боба Фоса ў жанры музычнай драмы. Сярод гледачоў стужка менш папулярная за «Кабарэ», але крытыкі падымалі яе пад нябёсы. Сцэнар фільму абапёрты на біяграфіі самога Фоса. Галоўную ролю сыграў Рой Шайдэр.
Мы из джаза (1983)
Адзіны савецкі фільм у маім сьпісе. Калі вы не глядзелі яго ў сваім часе, дык паглядзіце цяпер, і вы ўведаеце, на што было здатнае савецкае кіно ў жанры музычнай камэдыі. Гэта, мабыць, не ўсясьветны шэдэўр, але карціна, пасьля якой хочацца ўсклікнуць (зусім рытарычна) — такую страну развалілі, эх! ;) Фільм — гісторыя пра тое, празь якія пакуты трэба было прайсьці музыкам, якія хацелі граць джаз у Савецкім Саюзе.
Dancer in the Dark (2000) — Танцорка ў цемры
Ларс фон Трыер, як здаецца, зрабіў у гэтым музычным фільме немагчымае — расказаў без сэнтымэнтальнасьці і перагібаў драму жанчыны, якая паволі траціць зрок, крадзе грошы, забівае паліцыянта і трапляе на эшафот. І ўсё гэта суправаджаюць музычныя фантазіі, безь якіх галоўная гераіня ня можа жыць. Кампазытарка і выканаўца галоўнай ролі — неверагодная ісьляндзкая сьпявачка Б’ёрк.
Chicago (2002) — Чыкага
Чаго толькі ў Галівудзе не наздымаюць! Вось музычна-крымінальная драма ў стылі film noir. «Эпоха джазу» ў Чыкага ў 1920-х. Дзьве жанчыны (Рэнэ Зэльвэгер, Катрын Зэта-Джонс), асуджаныя на сьмяротнае пакараньне за забойства, чакаюць у турме, пакуль вядомы адвакат (Рычард Гір) не даб’ецца адмены прысуду і ня выцягне іх з турмы. І мараць пра славу сьпявачак і танцорак. Пэўна, вы глядзелі. Але ці ж ня варта паглядзець яшчэ раз?
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.