Дасьледаваньне пандэміі грыпу 1918 году паказвае, што тыя гарады ЗША, якія агрэсіўней баранілі здароўе людзей, спраўней адбудоўвалі эканоміку.
Дасьледаваньне «Пандэмія прыгнятае эканоміку, захады ў галіне аховы здароўя — не: сьведчаньні грыпу 1918 году» было разьмешчана ў Social Science Research Network як працоўны матэрыял 26 сакавіка. Дасьледаваньне яшчэ не прайшло рэцэнзаваньня, аднак на сайце Масачусэцкага інстытуту тэхналёгій (MIT) публікуюцца яго галоўныя высновы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады». Дзяўчына трапіла ў шпіталь і стала там кантактам першага ўзроўню па каранавірусеБольшая частка ЗША апошнім часам перайшла ў рэжым «адключэньня», каб абмежаваць распаўсюджваньне хваробы COVID-19. У зьвязку з гэтым пачаліся дыскусіі пра тое, калі краіна зможа «зноў адкрыць» гандаль, каб абмежаваць адмоўныя эканамічныя наступствы пандэміі. Але, як паказвае гэтае дасьледаваньне, адзін з суаўтараў якога — эканаміст з MIT, менавіта клопат найперш пра здароўе насельніцтва абумоўлівае потым спраўнейшую адбудову эканомікі.
У дасьледаваньні выкарыстоўваліся дадзеныя пра пандэмію грыпу, якая ахапіла ЗША ў 1918–1919 гадах. Яно паказала, што гарады, якія абмяжоўвалі сацыяльнае і грамадзянскае ўзаемадзеяньне больш рашуча, паказалі пасьля пэрыяду абмежаваньняў большы эканамічны рост.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Так, гарады, якія ўвялі сацыяльнае дыстанцыяваньне і іншыя захады ў галіне аховы здароўя ўсяго на 10 дзён раней за іншыя, паказалі пасьля завяршэньня пандэміі — да 1923 году — 5-працэнтнае адноснае павелічэньне занятасьці на вытворчасьці. Аналягічна, лішнія 50 дзён сацыяльнага дыстанцыяваньня карэлююць з 6,5-працэнтным павелічэньнем занятасьці на вытворчасьці ў гэтым горадзе.
«Мы не знаходзім ніякіх доказаў таго, што гарады, якія рабілі больш агрэсіўныя захады ў сфэры аховы здароўя, станавіліся горшымі ў эканамічным пляне, — кажа Эміль Вэрнэр, дацэнт факультэтут мэнджмэнту MIT і суаўтар новага дакумэнту з падрабязным выкладам дадзеных і высноваў дасьледаваньня. — Гарады, якія дзейнічалі больш агрэсіўна, далі лепшы вынік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк: Пытаньне аб крымінальнай справе супраць Лукашэнкі за бязьдзейнасьць магла б паставіць Палата прадстаўнікоўПры гэтым ён адзначае, што ідэя «кампрамісу» паміж аховай здароўя і эканамічнай дзейнасьцю, пры пільнейшым разглядзе не вытрымлівае крытыкі: мясьціны, якія пацярпелі ад пандэміі больш, наўрад ці адновяць свой эканамічны патэнцыял настолькі ж хутка, як менш пацярпелыя раёны.
«Гэта ставіць пад сумнеў ідэю, што паміж узьдзеяньнем вірусу і эканамічнай дзейнасьцю існуе кампраміс — бо сама пандэмія надзвычай разбуральная для эканомікі», — лічыць Вэрнэр.
Акрамя Вэрнэра, суаўтарамі дасьледаваньня выступаюць Сэрхіё Карэя, эканаміст з Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША, і Стывэн Лак, эканаміст з Фэдэральнага рэзэрвовага банку Нью-Ёрку.
Ацэнка эканамічных наступстваў
У сваім дасьледаваньні трое навукоўцаў абапіраліся на статыстыку сьмяротнасьці, сабраную амэрыканскімі Цэнтрамі па кантролі захворваньняў (CDC), на гістарычныя дадзеныя пра эканоміку, пададзеныя Бюро перапісу насельніцтва ЗША, і на банкаўскую статыстыку, апрацаваную фінансавым эканамістам Маркам Д. Флудам на падставе ўрадавага выданьня Annual Reports of the Comptroller of Currency.
Як адзначае Вэрнэр, матывам дасьледчыкаў было вывучыць пандэмію грыпу 1918-1919 гадоў, каб даведацца, якія яе ўрокі могуць прыдацца ў цяперашні крызіс.
«Генэзіс дасьледаваньня заключаецца ў тым, што нас цікавіць, якога эканамічнага ўплыву чакаць ад сёньняшняга каранавірусу і што думаць пра эканамічныя наступствы сацыяльнага дыстанцыяваньня і захадаў у сфэры аховы здароўя, якія мы назіраем па ўсім сьвеце», — кажа Вэрнэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірусныя выбарчыя гульні ў ПольшчыНавукоўцам вядома, што ў розных гарадах у 1918 і 1919 гг. уводзіліся розныя «нефармацэўтычныя захады», альбо меры сацыяльнага дыстанцыяваньня, і гэта карэлюе з рознымі вынікамі ў пляне здароўя. У час той пандэміі гарады, якія пазакрывалі школы раней, напрыклад. Сэнт-Луіс, лепш трымаліся супраць грыпу, чым месцы, дзе такія адмены адбыліся пазьней, напрыклад, Філадэльфія. Новае дасьледаваньне паказвае, што аналягічна было і з эканамічнай дзейнасьцю.
Меры сацыяльнага дыстанцыяваньня тады, як збольшага і сёньня, уключалі ў сябе закрыцьцё школ і тэатраў, забароны на правядзеньне грамадзкіх сходаў і абмежаваньні дзелавой актыўнасьці.
«Цікава, што нефармацэўтычныя ўмяшаньні, якія рабіліся ў 1918 годзе, нагадваюць шмат якія мэтады, якія выкарыстоўваюцца сёньня для зьніжэньня распаўсюджваньня COVID-19», — кажа Вэрнэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мяняліся словы Лукашэнкі пра каранавірус з ростам колькасьці хворых у Беларусі. ВІДЭАУ цэлым, як паказвае дасьледаваньне, пандэмія нанесла эканоміцы цяжкі ўдар. Выкарыстоўваючы дадзеныя ў маштабе ўсяе дзяржавы, дасьледчыкі выявілі падзеньне вытворчасьці на 18 % аж да 1923 году, хоць апошняя хваля грыпу прайшла яшчэ ў 1919 годзе.
Аднак, разгледзеўшы гэты эфэкт па 43 гарадах, навукоўцы выявілі, што розныя мэтады сацыяльнага дыстанцыяваньня прынесьлі ў эканоміцы вельмі розныя вынікі. Найлепш было ў такіх гарадах, як Оклэнд (Каліфорнія), Омаха (Нэбраска), Портлэнд (Орэган) і Сіетл — усе яны ў 1918 годзе вытрымлівалі рэжым сацыяльнага дыстанцыяваньня больш за 120 дзён. Гарады ж, якія ў 1918 годзе захоўвалі сацыяльнае дыстанцыяваньне менш за 60 дзён, пасьля гэтага сутыкаліся з цяжкасьцямі ў вытворчасьці, — гэта Філадэльфія, Сэнт-Пол (Мінэсота) і Лоўэл (Масачусэтс).
«Мы бачым, што рэгіёны, якія больш пацярпелі ад пандэміі грыпу 1918 году, зазнаюць рэзкі і працяглы спад шэрагу паказчыкаў эканамічнай актыўнасьці, такіх як занятасьць на вытворчасьці, аб’ёмы прамысловай прадукцыі, банкаўскія крэдыты і запасы спажывецкіх тавараў працяглага карыстаньня», — кажа Вэрнэр.
Банкаўскія праблемы
Што тычыцца банкаўскай справы, дасьледаваньне разглядала як паказчык эканамічнага здароўя сьпісаньні банкаўскіх актываў (banking write-downs), паколькі «банкі прызнавалі страты па крэдытах, па якіх хатнія гаспадаркі і прадпрыемствы пераставалі плаціць з прычыны эканамічных разладаў, выкліканых пандэміяй», — заявіў Вэрнэр.
Дасьледчыкі выявілі, што ў Олбані (Нью-Ёрк), Бірмінгэме (Алабама), Бостане і Сыракузах (Нью-Ёрк) — гэта значыць у гарадах, дзе ў 1918 годзе сацыяльнае дыстанцыяваньне трывала менш за 60 дзён, — банкаўскаму сэктару было цяжэй, чым дзе-колечы ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё больш швэдаў памірае: швэдзкі экспэрымэнт страчвае прывабнасьцьЯк адзначаюць аўтары, эканамічныя цяжкасьці пасьля пандэміі грыпу ў 1918-1919 гадах зьнізілі здольнасьць фірмаў вырабляць тавары — але зьніжэньне занятасьці азначала, што, з другога боку, зьменшылася і пакупніцкая здольнасьць насельніцтва.
«Зьвесткі, якія мы сабралі ў нашай працы... наводзяць на думку, што пандэмія стварае праблемы як у пляне прапановы, так і ў пляне попыту», — адзначае Вэрнэр.
Вэрнэр пагаджаецца, што структура амэрыканскай эканомікі вельмі зьмянілася з 1918–1919 гадоў. Сёньня адносна менш вытворчасьці і адносна больш актыўнасьці ў сфэры паслуг. Пандэмія 1918–1919 гадоў, да таго ж, асабліва зьнішчальна ўдарыла па дарослых працоўнага веку, што зрабіла яе эканамічны ўплыў яшчэ цяжэйшым. І ўсё ж эканамісты лічаць, што дынаміку папярэдняй пандэміі можна перанесьці на цяперашні крызіс.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ