Зянон Пазьняк: Пытаньне аб крымінальнай справе супраць Лукашэнкі за бязьдзейнасьць магла б паставіць Палата прадстаўнікоў

Зянон Пазьняк. Архіўнае фота.

Адкрывальнік Курапатаў, адзін са стваральнікаў БНФ і старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, які ў 1996 годзе быў вымушаны зьехаць зь Беларусі ў палітычную эміграцыю, цяпер разам з жонкай Галінай у Нью-Ёрку, адным з асяродкаў пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША. Зянон Пазьняк падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем сытуацыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Амэрыка, як і Эўропа, страціла дарагі час.
  • Параўнаньне ЗША зь Беларусьсю можа быць толькі ў працы мэдыкаў. Беларускія лекары працуюць ахвярна, ня маючы патрэбных сродкаў забесьпячэньня, ня кажам ужо пра малую аплату.
  • Самая страшная небясьпека для Беларусі — гэта маскоўскі лябараторны штам сацыяльнага каранавірусу «Лукашэнка А. Р.»
  • Праца маёй жонкі належыць да той жа катэгорыі, што і праца мэдыкаў. Бездапаможных людзей без дапамогі не пакінеш.
  • Ужо паведамлялася, што адна беларуска памерла. Падазрэньне на каранавірус ёсьць цяпер у адной вядомай асобы.

«Ня можам пайсьці ў жорсткі самакарантын, бо трэба выжываць»

— Ці ў бясьпецы вы і ваша сям’я ў Нью-Ёрку? З вашага ранейшага допісу ў сацыяльных сетках вынікала, што вы карыстаецеся грамадзкім транспартам і бываеце ў крамах. Якія меры перасьцярогі прымаеце вы і ваша жонка?

— На жаль, мы з жонкай ня можам пайсьці ў жорсткі самакарантын, бо трэба выжываць. Галоўная праблема дзейных палітычных эмігрантаў усіх часоў — самавыжываньне, бо за палітычную дзейнасьць ніхто ня плаціць. Тут у нас з жонкай сумесны клопат, сумесны income-tax і да т.п. Мы стараемся выконваць усе асноўныя правілы самазасьцярогі (маскі, пальчаткі, дэзынфэкцыя, мыла, дыстанцыя, правілы рухаў рукамі і г.д.). Трэба прывыкаць да новых правілаў гігіены, бо з каранавірусам, магчыма, прыйдзецца яшчэ жыць доўга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!

— Як пандэмія паўплывала на працу вашай жонкі, якая дапамагае старым людзям?

— Праца Галіны належыць да той жа катэгорыі, што і праца мэдыкаў. Бездапаможных людзей без дапамогі не пакінеш. Бюракратыя выстаўляе толькі свае патрабаваньні. Праўда, дзяржава абяцае даць дапамогу па 1200 даляраў тым, у каго сярэдні і невялікі income-tax.

— З вашага гледзішча, наколькі сурʼёзна паставіліся да пагрозы каранавірусу ўлады ЗША?

— Амэрыка, як і Эўропа, страціла дарагі час. Выведка ЗША яшчэ заранёў дакладвала кіраўніцтву краіны пра эпідэмію ў Кітаі, якую кітайцы хавалі ад міжнароднай супольнасьці, але ў Амэрыцы ніхто не спадзяваўся, што яна выбухне на ўвесь сьвет. І дарма. Кожныя 2 хвіліны ў JFK у Нью-Ёрку сядаў «Боінг» з-за мяжы. Рух з замежжам быў вельмі шчыльны. Калі зачынілі неба, было ўжо запозна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: паўтара мільёна выпадкаў у сьвеце, ЗША на другім месцы ў сьмерцях

Цяпер да эпідэміі ў Злучаных Штатах ставяцца вельмі сурʼёзна, выдаткавана на змаганьне зь вірусам больш за два трыльёны даляраў, шмат дзе ўведзеныя карантыны, вялікая дапамога для бізнэсаў. Напрыклад, будаўніцтва ў Нью-Ёрку прыпынена. Будаўнікі сядзяць дома, але атрымліваюць зарплату ў поўным абʼёме. Адчыненыя толькі прадуктовыя крамы і аптэкі, мэдычныя ўстановы і тыя арганізацыі, якія патрэбныя для функцыянаваньня гарадзкой інфраструктуры. Аўтобусы цяпер у горадзе бясплатныя. Наладзілася забесьпячэньне маскамі і пальчаткамі на ўзроўні мэдыцынскіх устаноў і таксама для насельніцтва, але цэны павышаныя, часам у 20 разоў. Бізнэс хоча зарабіць на бядзе. Тут парушэньне закону, але людзі купляюць. Нядаўна FBI арыштавала нейкага Боруха, які заранёў скупіў 80 тысячаў масак і думаў стаць мільянэрам, прадаючы адну маску за 12 даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША папярэджвала пра «катастрафічныя» падзеі ва Ўхані

Нью-Ёрк цяпер у пляне эпідэміі — самы небясьпечны горад у ЗША. За адзін дзень тут памірае палова ад тых ахвяраў каранавірусу, якія паміраюць за дзень ва ўсёй Амэрыцы (8 красавіка ў горадзе памерла 700 чалавек). Кожны дзень у Нью-Ёрку захворвае цяпер па 6 тысячаў чалавек, і ўвесь час дадаецца.

Становішча трывожнае, але панікі няма, людзі спакойныя і ў асноўным выконваюць меры засьцярогі (маскі, пальчаткі, дыстанцыя і г.д.). Калі ў вагоне мэтро едзе некалькі дзясяткаў пасажыраў, то ўсе садзяцца за паўтара-два мэтры адзін ад аднаго. Спакойныя паводзіны людзей зьвязаныя з вычарпальнай інфармацыяй пра эпідэмію, якая абнаўляецца кожны дзень. Усё вядома, што ёсьць і што трэба рабіць.

Прэзыдэнт Трамп задзейнічаў войска, вайсковыя шпіталі, прымусіў ваенны комплекс вытворчасьці выпускаць рыштунак для мэдыцыны і санітарыі. Усе разумеюць небясьпеку, якая навісла над краінай.

— І як на гэтым тле выглядаюць улады Беларусі?

— Параўнаньне зь Беларусяй тут можа быць толькі ў працы мэдыкаў. Беларускія лекары працуюць ахвярна, ня маючы патрэбных сродкаў забесьпячэньня, ня кажам ужо пра малую аплату працы. Тут я паставіў бы беларусаў вышэй за амэрыканцаў. У астатнім параўноўваць няма сэнсу, бо сыстэма ўлады ў нас і стаўленьне яе да эпідэміі нагадвае варʼяцкі дом. Уладай кіруе адна псыхічна неадэкватная і неадукаваная асоба, якая лічыць, што ніякай эпідэміі ў сьвеце няма, што гэта «псыхоз» і што ўвесь «сьвет зварʼяцеў», і толькі ён адзін разумны, усё ведае і нічога не прызнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і рэальнасьць: слабым тут ня месца

«Мог бы скарыстаць свае магчымасьці, каб узбудзіць крымінальную справу, і генпракурор»

— Псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі заклікаў чынавенства Беларусі прыняць адэкватныя рашэньні, паколькі кіраўнік Беларусі не ўсьведамляе ці ня хоча прызнаць небясьпеку пандэміі для народу Беларусі. Ці магчымы цяпер палацавы пераварот у Беларусі?

— Палацавы пераварот немагчымы: няма ні ўмоваў, ні падзелаў, ні адпаведных людзей, ні альтэрнатыўных інтарэсаў. У вэртыкалі адсутнічае дзяржаўнае і патрыятычнае думаньне. Гэта значыць — няма пабуджэньня для перавароту. Лукашэнка іх задавальняе дзеля забесьпячэньня асабістых патрабаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён не ўспрымае адэкватна сытуацыю ў краіне». Псыхіятар, які ставіў дыягназ Лукашэнку, зьвярнуўся да ўрадоўцаў Беларусі

Тэарэтычна (пазьбягаючы рэпрэсій) пытаньне аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць Лукашэнкі за бязьдзейнасьць (зварот да генэральнага пракурора) магла б паставіць Палата прадстаўнікоў. Мог бы скарыстаць свае магчымасьці ўзбуджэньня крымінальнай справы таксама і генпракурор пры ўмове асаблівых абставінаў і кругавой падтрымкі іншых ключавых ведамстваў. Гэта цяпер малаверагодна, але ў прынцыпе такія ўмовы могуць узьнікнуць.

— Што б вы маглі беларусам параіць з амэрыканскага досьведу барацьбы з COVID-19?

— Самадысцыпліны, усьведамленьня паважнай небясьпекі і строгага выкананьня ўсіх неабходных умоваў эпідэмічнай гігіены. Патрэбна праўдзівая інфармацыя аб эпідэміі. Ну, і рытарычнае (пакуль) пытаньне аб адхіленьні Лукашэнкі ад улады.

— Цяпер часта паўтараюць, што нашае жыцьцё ніколі ўжо ня будзе ранейшым праз распаўсюд каранавірусу. Што істотна зьмянілася ўжо і зьменіцца яшчэ для чалавецтва?

— Добра было б, каб зьмяніліся некаторыя звычкі, зьвязаныя з гігіенай. На Захадзе існуе, напрыклад, вельмі непрыемная звычка пры спатканьні абдымацца і тройчы папераменна датыкацца шчакой аб шчаку (часам нават зь незнаёмай асобай). Дый пацісканьне рукі магло б стаць не абавязковым. Людзям варта навучыцца кланяцца. У побыце гэта складана, але ў этычны пратакол на афіцыйным узроўні, магчыма, будзе ўведзена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй. З прычыны пандэміі

Што датычыць у цэлым чалавецтва, то я ня ўпэўнены, што нешта кардынальна пераменіцца. Чалавек застаецца той самы. Чалавецтва зьмяняецца, калі зьяўляюцца новыя ідэі. Рынкавае грамадзтва зьмяняецца, калі зьяўляюцца новыя тавары. Няма ні новых ідэй, ні новых тавараў. Таму самае верагоднае, што можа стаць пасьля пандэміі, — гэта эканамічны і духоўны крызіс.

Прыкметы духоўнага крызісу эўраатлянтычнай цывілізацыі пачаліся даўно. Усё будзе залежаць ад таго, як выйдзе з пандэміі Амэрыка, адзіная краіна, якая можа ўратаваць жыцьцёвы сусьветны парадак, калі толькі сама справіцца са сваімі ўнутранымі разбуральнымі праблемамі. Шансы застаюцца, калі будзе прэзыдэнт Трамп.

— Якая самая страшная небясьпека цяпер для Беларусі?

— Самая страшная небясьпека для Беларусі — гэта маскоўскі лябараторны штам сацыяльнага каранавірусу «Лукашэнка А.Р.». Галоўная яго паражальная функцыя — раскол беларускага грамадзтва на аснове нянавісьці, зьнішчэньне нацыянальна-культурнага імунітэту нацыі. Нацыя без нацыянальна-культурнага імунітэту не выжывае. Небясьпека сьмяротная.

— Ва ўсім сьвеце цяпер расьце валянтэрскі рух, людзі шыюць маскі, дапамагаюць дактарам, старым людзям, уразьлівым групам. Ці ўдзельнічае ў гэтым руху беларуская дыяспара ў ЗША?

— Не. У валянтэрскім руху дыяспара ня ўдзельнічае. Але беларусы дапамагаюць адзін аднаму (мне таксама).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі

— Ці пацярпеў хто-небудзь зь беларускай дыяспары ў ЗША праз каранавірус?

— Ужо паведамлялася ў СМІ, што адна беларуска памерла. Падазрэньне на каранавірус ёсьць цяпер у адной вядомай асобы. Пакуль лёгкая форма і жорсткі карантын без кантактаў. Спадзяёмся і Бога просім, што праміне без наступстваў. Прозьвішча не пытайце.

Патлумачу, што, згодна зь мэдыцынскімі рэкамэндацыямі па горадзе Нью-Ёрку, пры лёгкай форме недамаганьня нікуды ня трэба хадзіць: ні да лекара, ні на тэсты. Ізаляцыя і сядзець дома. Самалячэньне вітамінамі, пры неабходнасьці — парацэтамолам, сьвежае паветра, дыхальная гімнастыка, аптымістычная мэдытацыя і малітва да Бога.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ