«Балота 1» і DJ-сэт з паветранага шара. Пра самае вялікае верхавое балота зьнялі фільм

Ельня

9 красавіка можна паглядзець онлайн-прэм’еру дакумэнтальнага фільма пра Ельню — самае вялікае верхавое балота Беларусі.

«Узрост» Ельні — ня менш за 9000 гадоў. Усё, што засталося ў балоце (расьліны, артэфакты, жывёлы, людзі), тысячамі гадоў не раскладаецца — такая спэцыфіка торфу. Самая старажытная піраміда ў Эгіпце ў 2 разы маладзейшая за Ельню.

Дзяніс Лагун, гід па Ельні, праект «Yelnia Trip»

«Немагчыма ўявіць, што яна (Ельня) у сабе тоіць, якую энэргетыку і таямніцы, — расказвае гід па Ельні Дзяніс Лагун з праекту „Yelnia Trip“ — А выглядае як малады луг зь нізкарослымі расьлінамі і маляўнічымі азёрамі, глыбіня якіх пакуль невядомая, іх называюць бяздоннымі! Старажытны прыродны аб’ект, які захаваўся практычна ў першапачатковым стане!»

З прычыны мэліярацыі ўзровень грунтавых вод моцна зьнізіўся, і гэта штогод прыводзіць да буйных пажараў на балоце.

«Калі дзякуючы гэтаму фільму мы зможам прыцягнуць зацікаўленых людзей і выканаць хоць бы адну карысную місію, напрыклад, павысіць узровень вады на Ельні, то гэты фільм адпрацуе на ўсе 100%».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрыгва: беларускі экстрым

Зьніжэньне ўзроўню грунтавых вод зрабіла балота больш даступным для чалавека вясной, як вынік — паболела рыбаловаў і паляўнічых. Усё гэта прывяло да разбурэньняў гнёздаў птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу, агулам паўплывала на зьмяненьні відавога складу фаўны і флёры.

«Ельні патрэбная дапамога, і расказаць пра гэта ва ўсім сьвеце можна дзякуючы гэтаму фільму! — кажа Дзяніс. — Мая мара — зрабіць Ельню больш ахоўнай, значнай, бо яна важная для прыроды і клімату, але зусім не абароненая. Калі расказваць аб ёй і аб правільным выкарыстаньні, то мы зможам павысіць культуру паводзін на балотах».

Ён кажа, што ідэю зьняць фільм і зрабіць DJ-сэт ад KURS:RA адразу падтрымалі. Мяркуюць, што гэта прыцягне ўвагу і да праблемаў, і да ўнікальнасьці Ельні.

Глеб Пятроў — прадусар праекту KURS: RA, кіраўнік каманды Collaboracia

«Ідэя фільму паўстала, калі мы ўдзельнічалі ў конкурсе Social Weekend, — расказвае прадусар праекту KURS:RA, кіраўнік каманды Collaboracia Глеб Пятроў. — Да гэтага мы здымалі проста відэа ў прыгожых месцах, дыджэйскія сэты. Але зразумелі, што трэба, каб праект быў карысны для людзей, нешта новае ім адкрываў. І вось так мы падумалі, што нас больш за ўсё ўражвае Беларусь, і пра гэта мы б хацелі расказаць. Так мы выйшлі на балоты Ельні».

Глеб расказвае, як уразіла каманду, што вельмі шмат людзей адгукалася на ідэю праекту і далучаліся да супрацы.

«Магчыма, хтосьці паглядзіць і зразумее, што калі ёсьць клясная ідэя, можна аб’яднацца і нешта стварыць разам. Было вельмі шмат кампаній, якія дапамаглі рэалізаваць гэты праект, і, магчыма, гэта таксама стане важна для некага. Людзі зразумеюць, што іх таксама могуць падтрымаць».

Рэжысэр фільму, дырэктар студыі відэапрадакшну Krok Films Георгі Бізюк кажа, што ўражаньні ад Ельні нельга параўнаць ні з чым.

Георгі Бізюк — рэжысэр фільму, дырэктар студыі відэапрадакшну Krok Films

«На балота абавязкова трэба ісьці з правадыром, тады загадзя будзеце ведаць пра ўсе небясьпечныя моманты. З намі быў Дзяніс Лагун з YelnyaTrip, таму ўсё прайшло гладка. Складана было фізычна, асабліва нашым апэратарам, але за працай не заўважаеш, тым больш калі пастаянна займае дух ад прыгажосьці. Асабіста для мяне ў час, калі праходзілі здымкі, важна было паслухаць цішыню і пабыць сам-насам з сабой. Такая магчымасьць у мяне была, і я змог разабрацца ў сабе і знайсьці адказ на шматлікія пытаньні».

Паказ фільму пачнецца 9 красавіка, у 20:00.

У 21:00 можна будзе паўдзельнічаць у абмеркаваньні з аўтарамі і героямі, а ўжо ў 21:30 стваральнікі прапаноўваюць далучыцца да хатняй вечарыны ў Collaboracia.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад балота сілкуюся энэргіяй». Як жыве жанчына, якую называюць захавальніцай Ельні