Кіраўніца аддзелу спэцыяльных карэспандэнтаў Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Дынько стала ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая 2020 году.
Прэмію заснавала інфармацыйная кампанія БелаПАН. Яе штогод уручаюць 9 красавіка — у дзень нараджэньня Алеся Ліпая (1966-2018) — журналістам, якія сумяшчаюць прафэсійныя дасягненьні з грамадзянскім дзеяньнем, спрыяючы разьвіцьцю мэдыйнага рынку і станаўленьню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы.
Андрэй Аляксандраў, журналіст і сябар Алеся Ліпая, нагадаў, што той быў ня толькі першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі, але і «першым выдатным мэдыямэнэджарам Беларусі, які на ганарары з радыё здолеў у 1991 годзе стварыць першую ў краіне незалежную інфармацыйную агенцыю».
«Паўтара года, як Алеся няма з намі, але летась мы зь сябрамі і калегамі вырашылі запачаткаваць прэмію ягонага імя. Назвалі яе „Гонар журналістыкі“, бо Алесь быў выдатным журналістам і носьбітам моцных журналісцкіх стандартаў. Ён таксама быў вялікім патрыётам, грамадзянінам, які імкнуўся зрабіць так, каб Беларусь стала нармальнай дэмакратычнай дзяржавай. Журналістаў, якія працягваюць гэтую справу, мы і ганаруем прэміяй», — сказаў Аляксандраў.
Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітры Наважылаў дадаў, што прысуджэньне прэміі — рашэньне журналістаў агенцтва БелаПАН. «Мне асабіста прыемна, што памяць пра Алеся ў вашай асобе будзе захоўвацца», — зьвярнуўся ён да Аляксандры Дынько.
Аляксандра Дынько назвала вялікім гонарам атрыманьне прэміі «ад людзей, якія стваралі незалежную журналістыку ў Беларусі, ад агенцтва БелаПАН, якое застаецца непарушным прафэсійным стандартам усе апошнія дзесяцігодзьдзі».
«Таксама ўдзячная сваёй рэдакцыі. Радыё Свабода — гэта найвышэйшы ўзровень журналістыкі і журналістаў, які трэба штодня падтрымліваць. Сумна ў нас не бывае».
Паводля ляўрэаткі, цяпер складаны пэрыяд «для нас усіх, калі мы бачым, што наша праца важная».
«Журналістыка — гэта вакцына ад страху. Мы ведаем, што за словы ў Беларусі можна атрымаць пакараньне. Журналісты — гэта людзі, якія штодня бяруць на сябе сьмеласьць выказвацца, адказваць за свае словы, учынкі», — дадала Аляксандра Дынько.
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук зачытаў верш Алеся Ліпая:
«Ня так, як воск па сьвечы цёк,
і не сьлязой па нечых скулах,
а зьнічкаю маё жыцьцё
праз вашы лёсы прамінула. —
Занадта хутка.
Я ня вы —
канаў жыцьцёвае заданьне:
даруйце, што ня ўсьпелі вы,
тым часам загадаць жаданьне».
«Алесь памыліўся, канешне. Мы пасьпелі. Першы карэспандэнт Радыё Свабода, і далей — першы, першы, першы. І сёньня, у дзень нараджэньня, Алесь зноў на Радыё Свабода», — сказаў Аляксандар Лукашук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Ліпай на СвабодзеПершай ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая летась стала галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава.
Беларускі журналіст і паэт Алесь Ліпай, заснавальнік першага ў краіне недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН, памёр 23 жніўня 2018 гадоў у Менску. Сёньня яму споўнілася б 54 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запрацаваў сайт у памяць пра заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год без Алеся Ліпая. 10 фактаў пра паэта, журналіста, заснавальніка БелаПАН ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Ліпай. Вершы як уцёкі ад гвалту навінаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія нябёсы Алеся Ліпая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Капітан маёй краіны». Аляксандар Лукашук пра Алеся Ліпая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»