У 65-гадовага Яўгена Дзеравянкі, мужа першай ахвяры каранавірусу ў Менску Вольгі Дзеравянкі, таксама пацьвердзілі каранавірус. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сын Мікалай.
«Ён дыхае кіслародам; як і ва ўсіх, стан сярэдняй цяжкасьці. Яго перавялі ўжо ў 6-ю лякарню. Спадзяемся, што ён паправіцца, кіслароду яму хапае, ён даволі моцны і без хранічных захворваньняў. Перад гэтым тэлефанаваў, дык голас быў хрыплы. Пакуль стараемся яго не турбаваць. Будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Мікалай.
Яўген Дзеравянка працуе канцэртмайстрам ва Ўнівэрсытэце культуры і мастацтваў. Ён трапіў у 1-ю клініку як кантакт першага ўзроўню, чакаў там вынікаў свайго тэсту на каранавірус.
Ягоная жонка Вольга, у якой тэст даў станоўчы вынік, памерла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра першую ахвяру каранавірусу ў МенскуПра тое, што жонка заразілася каранавірусам, стала вядома пасьля яе сьмерці. У яе былі таксама праблемы з сардэчна-сасудзістай сыстэмай і цукровы дыябэт.
Як магла заразіцца каранавірусам жонка, Яўген Дзеравянка ня ведае, бо ніхто нікуды ня езьдзіў, перад гэтым жонка толькі схадзіла па рэцэпты ў паліклініку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта так было нечакана, што ня дай Бог нікому так». Муж першай у Менску ахвяры каранавірусуШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ