«На гармоніку граў 2 тыдні». Падазрэньне на каранавірус у санаторыі МУС на Нарачы

Санатроый «Белая Русь» на Нарачы, архіўнае фота

Санаторый «Белая Русь» на Нарачы, які належыць Міністэрству ўнутараных спраў, прыпыніў прыём адпачывальнікаў, бо ў аднаго з пацыентаў падазраюць каранавірус.

«Так, пакуль нікога не прымаем і, хутчэй за ўсё, часова закрыемся», — сказала супрацоўніца санаторыя. Паводле яе, інфікаваны — пэнсіянэр зь Віцебску.

«Ён у нас два тыдні адпачываў: як выходзіў на балькон, усё на гармоніку граў», — успомніла работніца санаторыя пра захварэлага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька рэжысэра Курэйчыка ў шпіталі. У санаторыі МУС ён кантактаваў з хворым на каранавірус

Санаторый «Белая Русь» разьлічаны на больш як 200 чалавек. Паводле работнікаў санаторыя, у ім яшчэ засталіся адпачывальнікі, але паступова людзі зьяжджаюць.

Дырэктар санаторыя «Белая Русь» Уладзімер Баравы сказаў карэспандэнту Свабоды, што хворага пэнсіянэра ўжо вывезьлі адтуль, але не ўдакладніў, куды.

«Яго вывезьлі ад нас з тэмпэратурай. Дыягназ паставілі — двухбаковая пнэўманія. А далей правяраюць. Афіцыйнага адказу ў нас пакуль няма. Афіцыйны дыягназ будзе ў мэдыкаў», — сказаў дырэктар санаторыя «Белая Русь» спадар Баравы і паклаў слухаўку.

***

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі на 6 раніцы 9 красавіка (магчыма, статыстыка актуальная на вечар 8-га) прызнаныя 1468 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 139.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ