Забыцца на слова «паніка»

Менск. Ілюстрацыйнае фота

Тры аптэкі на сталічным праспэкце Незалежнасьці разгромленыя, у Серабранцы ў чарзе па маскі пяцёра пакалечаных, прывакзальная плошча ў Віцебску запоўненая людзьмі, якія імкнуцца зьехаць з гораду як мага хутчэй і куды заўгодна — абы толькі зьехаць.

Адным словам — паніка.

«Што за трызьненьне?» — запытае чытач, і будзе мець рацыю: падобнага няма і блізка. І, перакананы, наўрад ці будзе.

Нават у дні тэктанічных зьменаў і ўзрушэньняў беларусы паводзілі сябе бяз масавай гістэрыкі. Хаця і рашуча. Скажам, блякаваньне чыгуначных шляхоў па лініі Масква-Парыж у час красавіцкага страйку 91-га прайшло арганізавана. Ніхто не пацярпеў.

Але сёньня мы штодня чуем ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў — «Ня сейце паніку!» «Галоўнае, каб не было панікі!».

І гэта наводзіць на роздум.

Вось піша ў фэйсбуку псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі: «Некалькі разоў казаў, а ў чым праблема з панікай? Гэта што, вайна, фронт і батальён зьбег з пазыцыі, празь якую пойдуць танкі ворага? Ну напужаецца просты чалавек, будзе сядзець дома, дык і добра. Ў Нью-Ёрку напачатку было нешта падобнае да панікі. Зьнікла з продажу туалетная папера, гэта самае страшнае, што адбылося. Колькі чалавек загінула ад таго, што скарысталіся іншай паперай?».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі

Сёньня, калі мы чуем абвінавачваньні незалежных журналістаў у панічных настроях, мы адчуваем за гэтым імкненьне схаваць рэальную карціну.

Мы чытаем гэта як — «Не хвалюйцеся. Улада ўсё робіць як трэба».

Ці, калі менш карэктна, — «Ня лезьце не ў сваю справу!».

Але — падставы хвалявацца ёсьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народны карантын як знак недаверу да ўладаў

У канцы 80-х давялося прабіваць у друк артыкулы пра тое, як радыеактыўнае мяса з Гомельшчыны і Магілёўшчыны разбаўляюць з «чыстым» і потым развозяць па ўсёй Беларусі.

Тады ўсіх, хто пра гэта казаў, абвінавацілі ў распаўсюдзе неправеранай хлусьлівай інфармацыі. «Пакажыце дакумэнты» — казалі нам. Дакумэнтаў у нас, ясна, не было — інфармацыю нам давалі людзі, якія самі вельмі рызыкавалі. Але — давалі, і мы лічылі сваім абавязкам данесьці яе да грамадзтва. І рэдактар газэты «Знамя юности» Аляксандар Класкоўскі рызыкаваў, калі друкаваў мой артыкул — ЦК КПБ быў у поўнай і непадзельнай уладзе, і толькі ЦК вырашаў, пра што казаць, а пра што ня варта.

Але прайшло два гады, і адмысловая парлямэнцкая камісія афіцыйна пацьвердзіла, што некалькі гадоў сапраўды дзейнічала распараджэньне разбаўляць чыстыя і забруджаныя прадукты ў прапорцыях ад 1:1 да 1:10.

Так што «панікёры» мелі рацыю.

І, магчыма, часам лепш «панічныя настроі» (якія на памяці нашага пакаленьня не прыводзілі да ахвяраў, ды іх і не было), чым утойваньне жыцьцёва важнай праўды.

А ўвогуле, падставы для панікі звычайна стварае дзейнасьць уладаў.

Альбо — бязьдзейнасьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлусілі пра інтэграцыю — хлусяць і пра каранавірус?