Краіны Вышаградзкай чацьвёркі запусьцяць праграму салідарнасьці для шасьці краінаў Усходняга партнэрства, (у якое ўваходзіць і Беларусь), каб дапамагчы ў барацьбе з пандэміяй COVID-19. Фінансавы фонд гэтай праграмы складзе 250 тысяч эўраў.
Пра гэта паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода.
У сумеснай заяве Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны адзначаецца таксама, што «галоўнай мэтай [Усходняга партнэрства] застаюцца палітычная асацыяцыя і эканамічная інтэграцыя ўсходніх партнэраў з Эўразьвязам». Чацьвёрка таксама падтрымлівае «паступовы доступ нашых партнэраў да адзінага рынку ЭЗ да ўзроўню, прызнанага ўзаемна выгадным для партнэраў і чальцоў ЭЗ.
Праграма Ўсходняга партнэрства, запачаткаваная ў 2009 годзе, уключае Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.