Яшчэ ў канцы лістапада 2019 году амэрыканскія выведныя службы папярэджвалі, што ў рэгіёне кітайскага гораду Ўхань распаўсюджваецца інфэкцыя, якая пагражае звычайнаму ладу жыцьця людзей і працы бізнэсу.
Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі, цытуючы тэлекампанію ABC News.
Спасылаючыся на чатыры крыніцы, знаёмыя з сакрэтнымі матэрыяламі, тэлекампанія паведаміла, што перасьцярогі адносна зьявы, якая цяпер вядомая як пандэмія каранавірусу, былі дэталёва апісаныя ў лістападаўскім дакладзе Нацыянальнага цэнтру мэдычнай выведкі, які ўваходзіць у структуру Выведнага ўпраўленьня міністэрства абароны ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы трагічны дзень ад пачатку пандэміі ў ЗША: памерлі амаль 2000 чалавекСправаздача была складзеная на аснове аналізу перахопленых правадных і кампутэрных паведамленьняў, а таксама спадарожнікавых здымкаў, паведаміла тэлекампанія.
«Аналітыкі прыйшлі да высновы, што гэта можа быць падзея катастрафічнага характару», — заявіла адна крыніца ABC News. Паводле гэтай крыніцы, пра гэта шмат разоў дакладалі выведнаму ўпраўленьню Пэнтагона, Аб’яднанаму камітэту начальнікаў штабоў і Беламу дому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч чалавек пакінулі Ўхань пасьля адкрыцьця горадуМіністар абароны Марк Эспэр, які 5 красавіка зьявіўся ў праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС, адказваючы на пытаньне пра лістападаўскае папярэджаньне, сказаў: «Я ня памятаю. Але ў нас ёсьць шмат людзей, якія за гэтым уважліва сочаць».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ