Паводле крыніцы з Баранавіч, на COVID-19 нібыта захварэла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама яе муж і сын, і з гэтай прычыны частку студэнтаў ВНУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Каб праверыць гэтую інфармацыю, карэспандэнт Свабоды пазваніў рэктару БарДУ Васілю Качурку.
«У нас выкладчык не захварэў, гэтага няма. Унівэрсытэт працуе ў стабільным рэжыме, але частку студэнтаў сапраўды перавялі на дыстанцыйную форму навучаньня. А там, дзе дробныя навучальныя групы, дзе па 20-25 чалавек, там практычныя лябараторныя заняткі праводзім у групах, як раней», — адказаў Васіль Качурка.
Рэктар БарДУ расказаў пра тое, што робіцца ў ВНУ ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу. Паводле Васіля Качуркі, праведзена санітарная апрацоўка, у прыбіральнях на тэрыторыі ўнівэрсытэту паўсюль ёсьць вадкае мыла і антысэптыкі, у інтэрнаты забаранілі ўваход староньнім асобам, абмежавалі нават зносіны студэнтаў паміж інтэрнатамі.
Якая сытуацыя ў БарДУ з мэдыцынскімі маскамі? Ці ўжываюць іх студэнты і выкладчыкі?
«Мы заклікаем студэнтаў карыстацца мэдыцынскімі маскамі, але, паколькі карантын не абвешчаны, абавязаць ня можам. Адны студэнты носяць маскі, іншыя не, хто як», — адказаў рэктар БарДУ. На пытаньне, ці носіць ён сам маску, Васіль Качурка адказаў, што «бывае па-рознаму». Рэктар сказаў, што дагэтуль нарады з бліжэйшымі падначаленымі праводзіць звычайным парадкам, не праз інтэрнэт, але цяпер гэтыя сустрэчы праходзяць у вялікім пакоі, дзе прысутныя сядзяць на значнай адлегласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні студэнтаў мэдунівэрсытэту зачынілі ў інтэрнаце — там пацьвердзілі выпадак каранавірусуУ БарДУ вучацца 4 тысячы 200 студэнтаў, зь іх 360 замежных, у асноўным з Туркмэністану. Паводле рэктара, навучаньне замежных студэнтаў падпарадкавана агульным правілам, іх на асобны рэжым навучаньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў сьвеце не пераводзілі.
«Але іх кантакты максымальна абмежаваныя. Яны жывуць у інтэрнтаце на вуліцы Паркавай, туды ходзіць аўтобус № 31. Аўтобус іх забірае ад унівэрсытэту і завозіць пад інтэрнат, а потым назад. Зроблена ўсё, каб дна мінімуму зьменшыць іхныя кантакты зь іншымі жыхарамі гораду», — запэўніў рэктар БарДУ і яшчэ раз паўтарыў, што захварэлых на каранавірус у БарДУ няма, «абстаноўка нармальная».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ