У Кітаі ў ноч на 8 красавіка паводле мясцовага часу адкрылі выезд з гораду Ўхань, першай крыніцы эпідэміі каранавірусу COVID-19. Паводле агенцтва AP, амаль 65 тысяч чалавек пакінулі горад у першыя гадзіны пасьля яго адкрыцьця, скарыстаўшыся галоўным чынам цягнікамі і самалётамі.
Тым часам мясцовыя органы аховы здароўя заклікалі жыхароў пакідаць горад ці рэгіён толькі ў выпадку неабходнасьці, бо не выключаецца паўторная хваля эпідэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай паведаміў, што ўпершыню са студзеня ніхто не памёр ад COVID-19 за суткі11-мільённы Ўхань, цэнтар правінцыі Хубэй, знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі 76 дзён. Напярэдадні зьняцьця ізаляцыі, 7 красавіка, у горадзе не было зафіксавана ніводнага выпадку заражэньня.
Распаўсюд каранавірусу новага тыпу SARS-CoV-2 пачаўся з Кітаю ў канцы сьнежня. Ад пачатку эпідэміі ў краіне было выяўлена амаль 82 тысячы заражэньняў. Памерлі ад інфэкцыі больш за 3300 чалавек. Экспэрты, зь якімі паразмаўляла Радыё Свабода, мяркуюць, што Пэкін заніжае лічбы аб колькасьці выяўленых заражэньняў каранавірусам і загінулых ад інфэкцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ