«Гэта для аховы здароўя жанчын». Тры жаночыя кансультацыі Віцебску перавялі ў будынак каля інфэкцыйнага шпіталя

Людзі чакаюць грамадзкі транспарт на прыпынку каля інфэкцыйнага шпіталя і жаночай кансультацыі

Цяжарныя жанчыны турбуюцца, што на прыём да лекараў цяпер трэба хадзіць у тое ж месца, дзе знаходзяцца шпіталі з інфікаванымі COVID-19. Адміністрацыя сьцьвярджае, што гэта, наадварот, зроблена для бясьпекі пацыентак.

«Сюды дабіралася на таксі, а цяпер мужа чакаю. На грамадзкім транспарце — ні ў якім разе, — сказала Свабодзе Ганна, якая прыехала ў жаночую кансультацыю зь іншай часткі гораду. — Тым больш тут інфэкцыйны шпіталь».

Жанчына заходзіць у жаночую кансультацыю пры Віцебскай абласной клінічнай радзільні

У Віцебску чатыры жаночыя кансультацыі. Ад 6 сакавіка працуюць толькі дзьве. Большасьць цяжарных жанчын, якія абслугоўваліся ў зачыненых кансультацыях (№ 1 і № 5), цяпер адпраўляюць у жаночую кансультацыю пры абласной клінічнай радзільні. Яна цераз дарогу ад інфэкцыйнага шпіталя, дзе лечацца хворыя на COVID-19. Тут жа побач тубэркулёзны дыспансэр, куды прыяжджаюць зрабіць тэст людзі з падазрэньнем на каранавірус, а таксама шпіталь хуткай неадкладнай дапамогі, частку якога перапрафілявалі пад прыём людзей з пнэўманіяй.


У адміністрацыі Віцебскага абласнога клінічнага шпіталя Свабодзе патлумачылі, што большасьць цяжарных жанчын цяпер прымаюць у жаночай кансультацыі побач з інфэкцыйным шпіталём акурат дзеля іхняй бясьпекі. Па словах галоўнай лекаркі шпіталя Алены Леановіч, іншыя жаночыя кансультацыі месьціліся ў шматпрофільных паліклініках, дзе жанчыны мелі б большы шанец падхапіць інфэкцыю.

Уезд у інфэкцыйны шпіталь і жаночая кансультацыя (на заднім пляне)

Мы не зачынілі кансультацыі, мы разьмежавалі патокі, — сказала Алена Леановіч. — Тут ізаляваны будынак. Мінімізаваны кантакт зь іншымі пацыентамі. Гэта зроблена для аховы здароўя жанчын. У нас не было ад іх скаргаў».

Акрамя абласнога клінічнага шпіталя, працягвае працаваць жаночая кансультацыя пры віцебскай гарадзкой клінічнай радзільні.

Каб дабрацца да інфэкцыйнага шпіталя, тубэркулёзнага дыспансэра і жаночай кансультацыі, трэба ехаць на адным грамадзкім транспарце

«Палохае гэта, — сказала Яна, чыя ранейшая кансультацыя цяпер не працуе. — Але што паробіш? Я ўсё адно сяджу ў самаізаляцыі. Толькі да лекараў хаджу».

Як казала свабодзе лекарка зь Віцебску, праз эпідэмію ў горадзе прынамсі чатыры гарадзкія шпіталі зьмянілі свае профілі і цяпер прымаюць людзей з пнэўманіяй. Адпаведна, зьмяняецца праца і іншых мэдычных установаў.