Выхавацелька дзіцячага садка № 455 у Менску захварэла на каранавірус, — гэта пацьвердзілі Свабодзе ў раённым аддзеле адукацыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У садку № 455 з карэспандэнтам Свабоды адмовіліся размаўляць і адправілі па інфармацыю ва ўправу адукацыі Маскоўскага раёну Менску. Там далі новы адрас для даведкі — аддзел дашкольнага выхаваньня.
Супрацоўніца гэтага аддзелу прызнала, што ў садку № 455 выхавацелька захварэла на каранавірус, і патлумачыла, чаму садок працуе і далей.
«Так, працуе, а чаму не? Хіба такі выпадак адзіны па краіне? Але ж нічога не перакрыта, усё працуе, і садок працуе. Праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы», — сказала Свабодзе супрацоўніца аддзелу дашкольнага выхаваньня Маскоўскай раённай управы адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзіцячым садку ў Менску нянечка захварэла на каранавірусСупрацоўніца аддзелу дашкольнага выхаваньня адмовілася паведаміць колькасьць дзяцей, у якіх тэсты пацьвердзілі захворваньне на каранавірус.
«Не магу гэтую лічбу назваць, трэба згода бацькоў на такую інфармацыю», — сказала суразмоўніца.
Трэцяга красавіка пра сытуацыю ў 455 садку расказала журналістам Tut.by жанчына, чый малы сын аказаўся сярод кантактаў першага ўзроўню і цяпер знаходзіцца на карантыне, але з адмоўным тэстам.
«Каранавірус пацьвердзіўся ў пяці выхаванцаў. Сем’і перасталі вадзіць дзяцей у сад, але сад афіцыйна працуе. Чаму ў садку нельга ўвесьці карантын? Тады б бацькі змаглі спакойна пайсьці зь дзецьмі на бальнічны. А так бальнічны могуць даць толькі тым, хто пагадзіўся на шпіталізацыю. Астатнім сказалі: вы ж разумееце, якая сытуацыя, ад садка даведак ня будзе, дамаўляйцеся на працы самі. Шмат хто з бацькоў мусілі пайсьці ў адпачынак за свой кошт», — казала жанчына.
Па яе зьвестках, у панядзелак, 6 красавіка бацькі дзяцей у садок не прыводзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пацьвердзілі 861 выпадак каранавірусу, памерлых за мінулы дзень няма
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ