У Беларусі пацьвердзілі 861 выпадак каранавірусу, памерлых за мінулы дзень няма

На 7 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 861 выпадак каранавірусу, новых сьмерцяў за мінулы дзень не зафіксавалі, паведаміла БелТА.

На 7 красавіка агулам па Беларусі:

  • 794 чалавекі шпіталізаваныя,
  • зь іх 31 пацыент мае патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх,
  • 54 пацыенты паправіліся і выпісаныя,
  • 13 чалавек памерлі.

На раніцу 6 красавіка ў Беларусі было афіцыйна зафіксавана 700 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі: зь іх 634 чалавекі былі шпіталізаваныя, яшчэ 13 інфікаваных памерлі, 53 выпісаныя здаровымі.

Такім чынам, за мінулыя суткі загістравалі 160 новых выпадкаў заражэньня, аднаго чалавека выпісалі, новых сьмерцяў няма.

Усяго ад пачатку эпідэміі ў Беларусі пацьверджаны 861 выпадак каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 інфікаваных за дзень — «катастрофы няма». Усе цытаты з «каранавіруснай» нарады Лукашэнкі

Статыстыка па абласьцях на 7 красавіка выглядае наступным чынам:

  • Менск — 497 чалавек шпіталізаваныя, 25 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Менская вобласьць — 91 шпіталізаваны, 1 выпісаны, 3 памерлі.
  • Віцебская вобласьць — 143 шпіталізаваныя, 27 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Берасьцейская вобласьць — 3 шпіталізаваныя, выпісаных і памерлых няма.
  • Гомельская вобласьць — 32 шпіталізаваныя, 1 выпісаны, 0 памерлых.
  • Горадзенская вобласьць — 10 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
  • Магілёўская вобласьць — 18 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.

За ўвесь час ў Беларусі, паводле Мінздароўя, праведзена 43 тысячы тэстаў на новы каранавірус.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ