2 выпадкі каранавірусу выявілі ў Акцябрскім раёне, адзін — у Жлобінскім, паведамляе БелаПАН па спасылкай на прэсавую службу Гомельскага аблвыканкаму. Агульная колькасьць захварэлых у рэгіёне не паведамляецца.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле афіцыйнага паведамленьня, на тэрыторыі Акцябрскага раёну зарэгістравалі 2 выпадкі захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавірусу. Хворых шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную клінічную бальніцу.
На тэрыторыі Жлобінскага раёну выявілі адзін выпадак захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус у жанчыны, якая вярнулася з аздараўленьня. Пацыентка знаходзілася пад мэдычным наглядам як кантактная асоба другога ўзроўню, яе паклалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.
Па ўсіх выпадках захворваньня вызначылі кантактных асобаў першага (іх шпіталізавалі) і другога ўзроўняў.
Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, гэта не адзіныя новыя выпадкі каранавірусу ці падазрэньні на яго ў рэгіёне. 6 красавіка з пасёлку Камунар Буда-Кашалёўскага раёну шпіталізавалі пэнсіянэрку з падазрэньнем на каранавірус. Інфэкцыю падазраюць і ў жыхаркі Рагачова. Жанчыны разам ляжалі ў Гомельскім абласным клінічным шпіталі. Сёньня стала вядома, што абласны шпіталь на карантыне.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ