Ад 7 красавіка ў Ровенскай і Кіеўскай абласьцях цалкам закрылі мяжу зь Беларусьсю. У іншых рэгіёнах колькасьць пунктаў пропуску істотна скарацілі.
Ад сёньня для аўтамабільнага руху між Беларусьсю і Ўкраінай працуюць толькі 5 пунктаў пропуску, якія маюць статус міжнародных. Астатнія 22 — мясцовыя, чыгуначныя, аўтамабільныя, рачныя і часовыя — на час карантыну спынілі сваю працу.
Паводле рашэньня, ухваленага ўрадам Украіны ў межах барацьбы з пашырэньнем каранавірусу, у Ровенскай вобласьці з 7 красавіка закрытыя ўсе 5 дзейных памежных пунктаў, і адзін — у Кіеўскай вобласьці.
Абмежаваную дзейнасьць ажыцьцяўляюць пункты пропуску ў Чарнігаўскай вобласьці «Новыя Ярылавічы — Новая Гута» (Гомельская вобласьць), «Сенькіўка — Весялоўка» (Гомельская вобласьць), «Славуціч — Камарын» (Гомельская вобласьць), у Жытомірскай вобласьці «Выступавічы — Новая Рудня» Гомельская вобласьць) і ў Валынскай — «Даманава — Макраны» (Берасьцейская вобласьць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяжа на замку. Зь Беларусі ва Ўкраіну могуць трапіць толькі ўкраінцы і беларусы зь відам на жыхарстваАле скарыстацца імі могуць толькі грамадзяне Ўкраіны, іншаземцы і беларусы, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны, а таксама акрэдытаваныя супрацоўнікі дыпляматычных і консульскіх устаноў, міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Усе іншыя могуць трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных спраў Украіны.
Украіна ад 16 сакавіка забараніла іншаземцам уезд на сваю тэрыторыю і абмежавала дзейнасьць сваіх памежных пунктаў пропуску. Увесь гэты час на мяжы зь Беларусьсю з абмежаваньнямі на пешаходны і аўтамабільны рух працягвалі працаваць 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктаў пропуску.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ