Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ініцыяваў сацыяльны праект «Нетэатральная маска» для вырабу немэдычных абарончых масак, паведаміла БелаПАН спэцыялістка ў сувязях з грамадзкасьцю тэатру Паліна Крышчановіч.
У швейным цэху тэатру ўжо пашылі 500 масак і плянуюць зрабіць яшчэ больш. Маскі перададуць у 10-ю гарадзкую клінічную лякарню Менску. Яны не прызначаныя для мэдычнага пэрсаналу, гэта немэдычныя вырабы, дадала Крышчановіч.
Праект рэалізуюць за небюджэтныя сродкі тэатру і пры падтрымцы партнэраў. Купалаўскі таксама заклікае ўсіх неабыякавых дапамагчы грашыма ў набыцьці матэрыялаў для масак, а іншыя тэатры Беларусі — далучыцца да праекту.
На раніцу 6 красавіка ў Беларусі афіцыйна зарэгістравалі 700 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй COVID-19, 13 чалавек памерлі. Цяпер у шпіталях на лячэньні знаходзяцца 634 чалавекі, ужо паправіліся — 53 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.