Леа Варадкар зарэгістраваўся лекарам. Раз на тыдзень ён будзе дапамагаць мэдыцынскім работнікам змагацца з пандэміяй каранавірусу, паведамляе The Irish Times.
«Доктар Варадкар вярнуўся ў сьпіс лекараў у мінулым месяцы, — сказаў прадстаўнік службы аховы здароўя. — Многія яго сямейнікі і сябры працуюць у сфэры аховы здароўя. Ён хацеў дапамагчы хаця б крыху», — дадаў ён.
41-гадовы прэмʼер-міністар Ірляндыі працаваў лекарам у Дубліне. У 2010 годзе ён атрымаў кваліфікацыю сямейнага доктара, да таго, як кінуў мэдыцыну, каб стаць палітыкам, а затым кіраўніком ураду. Згодна з The Irish Times, прэмʼер-міністар, імаверна, будзе аказваць тэлефонную падтрымку людзям, якія паведамляюць пра сымптомы каранавіруснай інфэкцыі.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Бацька Варадкара, Ашок, індыйскі імігрант, быў сямейным доктарам, а ягоная маці Мірыям — мэдсястрой. Яго партнэр Мэцью Барэт — кардыёляг.
У мінулым месяцы службы аховы здароўя Ірляндыі зьвярнуліся да ўсіх работнікаў, якія яшчэ не зарэгістраваныя. Адказалі тысячы мэдсясьцёр, лекараў, студэнтаў-мэдыкаў. Некаторыя зь іх выйшлі з пэнсіі, іншыя вярнуліся з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі паабяцалі дадатковую падтрымку мэдработнікам, якія працуюць з інфікаванымі COVID-19