Гараць лясы ў зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС, ля мяжы зь Беларусьсю

У зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС ліквідавалі два пажары, паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Украіны.

Найбольшая плошча загараньня зафіксаваная ў Катоўскім лясьніцтве. Так, паміж вёскамі Ўладзіміраўка і Жоўтнева агонь ахапіў блізу 20 гектараў.

«У тушэньні пажару ўдзельнічалі 124 чалавекі і 28 машын (у тым ліку 2 самалёты Ан-32П і верталёт МІ-8). Агулам авіяцыя ажыцьцявіла 42 скідваньні вады — 174 тоны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Плошча пажару каля сяла Рагаўка перавысіла 5 гэктараў, агонь быў хутка лякалізаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму чарнобыльская зона ў Беларусі прымае ў сотні разоў меней турыстаў, чым украінская

4 красавіка ў лесе каля вёскі Ўладзіміраўкі ўзьнік верхавы пажар, які пачаў імкліва распаўсюджвацца моцным ветрам. Па трывозе былі паднятыя ратавальнікі.

Служба надзвычайных сытуацый Украіны сьцвярджае, што радыяцыйны фон у норме.

У выходныя Дзяржаўная служба ў пытаньнях надзвычайных сытуацыяў паведамляла аб складанасьці тушэньня пажару, паколькі ў ачагах узгараньня павялічыўся радыяцыйны фон.

Паводле ж інфармацыі Дзяржаўнага агенцтва ў кіраваньні зонай адчужэньня, узровень магутнасьці эквівалентнай дозы гама-выпраменьваньня ў зоне пажару істотна не зьмяніўся, а ваганьні значэньняў «знаходзяцца ў звычайных межах для кожнага элемэнта».

Радыяцыйны фон у Кіеве і Кіеўскай вобласьці, паводле ўладаў, таксама знаходзіцца ў межах нормы і не перавышае прыродныя фонавыя значэньні. У Кіеве — 0,014 мР/г, у Кіеўскай вобласьці — 0,012 мР/г, у Чарнобылі — 0,020 мР/ч. Максымальна дапушчальным прыродным фонам лічыцца 0,05 мР/г.

Ад сяла Ўладзіміраўка да найбліжэйшай вёскі Гдзень Гомельскай вобласьці – 102 кілямэтры, ад украінскага сяла Рагаўкі да беларускай Аляксандраўкі – 42 кілямэтры.