6 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня Барыса Кіта, самага старога беларуса сьвету на дзень ягонай сьмерці. Каб сустрэць такі паважны юбілей, Кіту не хапіла літаральна двух гадоў і двух месяцаў жыцьця.
Барыс Уладзімеравіч Кіт (06.04.1910–01.02.2018) быў беларускім настаўнікам і асьветнікам у міжваеннай Польшчы, а таксама падчас савецкай і нямецкай акупацыяў Заходняй Беларусі, рэалізаваў сябе як амэрыканскі навуковец і прафэсар, зрабіў свой унёсак у касьмічную праграму ЗША, стаў актыўным сябрам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ён быў шчырым патрыётам Беларусі і Злучаных Штатаў, марыў пра дэмакратычную і эканамічна расквітнелую Бацькаўшчыну.
У сваім апошнім інтэрвію Свабодзе ў лістападзе 2017 году Барыс Кіт як сьведка апавядаў пра падзеі стогадовай даўніны, пра тое, як ён памарозіў ногі ў Петраградзе падчас Лютаўскай рэвалюцыі і як галадаў пасьля Кастрычніцкай. Тады ж Барыс Кіт пакінуў у інтэрвію Радыё Свабода свой запавет беларусам:
У ранейшых інтэрвію Свабодзе ўдалося распытаць Барыса Кіта пра сакрэты шчасьлівага даўгалецьця і жыцьцёвага посьпеху.
Пра тое, якім бацькам і дзядулем быў Барыс Кіт, на яго 110-гадовы юбілей Свабодзе расказалі ягоны малодшы сын Віктар Кіт, хірург-стаматоляг з Балтымару (ЗША), і ўнук ягонай апошняй жонкі Тамары Аляксандар Вайнгандль (Alexander Weinhandl), кампутарны аналітык зь нямецкага Вісбадэну (Нямеччына).
Пабудаваў дом
У звароце да сваіх беларускіх сяброў, якія ў 2010 годзе ў Менску зьбіраліся на вечарыну ў гонар ягонага 100-годзьдзя, Барыс Кіт напісаў, што самая шчасьлівая ў асабістым і грамадзкім сэнсе частка ягонага жыцьця прайшла ў ЗША. Сюды ён пераехаў у 1948 годзе з жонкай Нінай і старэйшым сынам Уладзімерам (1941–2009), тут у 1950 годзе нарадзіўся ягоны другі сын Віктар, тут ён атрымаў працу і прызнаньне, пабудаваў свой дом.
Як распавёў Свабодзе Віктар Кіт, свой дом у іхнай сям’і зьявіўся ў 1959 годзе, яго купілі за 27 тысяч даляраў — тады гэта былі вялікія грошы, будынак быў новы, мураваны, двухпавярховы, са сьветлымі вокнамі. Дом быў у прадмесьці Вашынгтону Кенсінгтан (Kensington) у графстве Мантгомэры (Montgomery county).
«І вось што было цудоўна: гэта была тупіковая вуліца, наш дом быў апошнім, далей дарогі не было. Так што гэта было цудоўнае месца гадаваць дзяцей. Гуляць нам было лёгка, ня трэба было турбавацца пра рух транспарту, пра тое, што езьдзілі сюды-туды на машынах. Гэта было вельмі, вельмі добрае месца для сталеньня, я думаю. Я, памятаю, неяк спытаў у маіх бацькоў: „Чаму вы пераехалі ў гэты раён?“ І яны адказалі, што ў гэты час школы ў сыстэме дзяржаўных школаў былі найлепшымі тут, у раёне. Так што — найперш адукацыя. Такім чынам, яны хацелі пераканацца, што ў нас будзе добрая адукацыя, таму яны і пераехалі ў гэты раён Мантгомэры», — згадвае сваё дзяцінства 70-гадовы Віктар Кіт.
Пасьля 1972 году, калі Барыс Кіт зьехаў выкладаць матэматыку амэрыканскім вайскоўцам у Нямеччыну, у гэтым доме заставалася ягоная жонка Ніна Корсак-Кіт (1920–2015). Пасьля яе сьмерці дом адрамантавалі і прадалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памарозіў ногі на Лютаўскай рэвалюцыі, галадаў пасьля Кастрычніцкай, — Барыс Кіт пра падзеі 100 гадоў тамуДбаў пра адукацыю дзяцей
Барыс Кіт з жонкай Нінай вялікую ўвагу надавалі адукацыі дзяцей, выбіралі найлепшыя школы і ўнівэрсытэты, аплочвалі іх навуку, а гэта ў Амэрыцы каштуе нятанна. Згадвае Віктар Кіт:
«Гэта абсалютная праўда. Я сапраўды памятаю, што адукацыя была вельмі важнай у нашай сям’і. Вы ведаеце, які быў галоўны прынцып — адукацыя, адукацыя, адукацыя! Для бацькоў было надзвычай важна, каб мы атрымалі вышэйшую адукацыю».
Старэйшы сын Кітоў Уладзімер закончыў Джорджтаўнскі ўнівэрсытэт, малодшы Віктар — унівэрсытэт імя Джорджа Вашынгтона і Мэрылендзкі ўнівэрсытэт.
«Яны аплацілі маё навучаньне. Гэта была адносна дорага, бо ў мяне не было стыпэндыі. Да таго ж я жыў дома, так што мне не даводзілася турбавацца пра інтэрнат і выдаткі на жыцьцё. Адукацыя была настолькі важнай, што бацькі заўсёды плацілі за маё навучаньне», — апавядае Віктар.
Гэткае стаўленьне да адукацыі Віктар перанёс і ў сваю ўласную сямʼю.
Віктар Кіт сьведчыць, што размоўнай мовай у сямʼі Кітоў была беларуская. Барыс і Ніна любілі сваіх сыноў і ганарыліся імі.
Спрыяў захапленьням дзяцей
Віктар Кіт згадвае, што ягоны бацька ня толькі дбаў пра вучобу, але і падтрымліваў хобі і захапленьні сыноў. Уладзімер Кіт апантана займаўся тэнісам і ў студэнцкія часы быў чэмпіёнам унівэрсытэту. Віктар успамінае, што бацька з радасьцю наведваў спартовыя матчы з удзелам сыноў, ахвотна вадзіў іх у кіно.
Сам Віктар у дзяцінстве таксама меў вельмі моцнае захапленьне — хадзіў на рыбу.
«Я вельмі любіў вудзіць рыбу, і бацька адвозіў мяне на мясцовыя рэкі. Насамрэч ён сам ня вудзіў, але проста назіраў за мной і сядзеў там. Я ж бачыў, як ён нешта думае і глядзіць, як я рыбу лаўлю», — згадвае Віктар. Адзін з самых сьветлых дзіцячых успамінаў Віктара зьвязаны зь ягоным захапленьнем рыбацтвам.
«Каля Нью-Ёрку было месца адпачынку, якое называлася „Bel-Air -Менск“. Шмат беларусаў прыяжджалі туды, бавілі разам час. І мае бацькі там бывалі, размаўлялі і весяліліся, гулялі ў карты, можа быць, выпівалі... І неяк аднаго разу на зваротнай дарозе зь Нью-Ёрку ў Вашынгтон, калі ўжо было даволі позна, раптоўна мы спыніліся каля вялікага возера і бацька сказаў: „А чаму б табе, Віктар, не пайсці парыбачыць?“ Так атрымалася, што ў мяне былі ўсе прыстасаваньні з сабой і я знайшоў некалькі чарвякоў. І потым я пайшоў на прыстань, залез на драўляны пірс, закінуў вуду і злавіў рыбу літаральна праз пару хвілін, і бацькі сказалі: „О, добрая праца“. Я адпусьціў рыбу, мы пайшлі назад да машыны і паехалі дадому. І гэта тое, што я сапраўды добра памятаю зь дзяцінства — тады я быў захоплены гэтым рыбацтвам і яны зрабілі дзеля мяне гэты прыпынак. Мне было тады 11 або 12 гадоў», — так згадваў Віктар Кіт той выпадак амаль праз 60 гадоў.
Купіў сыну машыну
Віктар Кіт апавёў, што першай машынай у іх сям’і быў «фальксваген» «Жук», папулярны ў 1960-я нямецкі аўтамабіль, сьціплы, але надзейны. Бацьку штодня на працу трэба было езьдзіць каля гадзіны часу, таму без машыны было б цяжка, да таго ж Барысу Ўладзімеравічу падабалася езьдзіць на машыне, гэтаму ён навучыў і сыноў, даваў ім сядаць за стырно таго «Жука».
«Ён сапраўды меў задавальненьне ад кіраваньня машынай. І я згадваю іншую гісторыю. Мы неяк ехалі на найбліжэйшы пляж у Оўшан-Сіці. А „фальксваген“ меў такі рассоўны дах, што можна было адкінуць яго і ехаць, як у кабрыялетах, бязь верху. Гэтак ён і зрабіў. Пры гэтым увесь час сьвяціла сонца, а бацька ўжо лысеў тады. І пакуль мы прыехалі ў Оўшан-Сіці, у яго быў жудасны сонечны апёк на цемені, бо мы ехалі каля трох гадзін бяз даху... Потым ён аддаў гэтую машыну мне».
Віктар Кіт некалькі гадоў паезьдзіў на старой бацькавай машыне, а пазьней бацькі купілі яму, на той час ужо студэнту, новы аўтамабіль, такі самы «фальксваген» «Жук».
Любіў апавядаць малым гісторыі
У 1972 годзе Барыс Кіт пераехаў у Нямеччыну адзін — з жонкай Нінай у яго здарыўся разлад, сыны ўжо былі дарослыя. Ён уладкаваўся выкладчыкам матэматыкі ў нямецкую філію Мэрылендзкага ўнівэрсытэту, дзе вучыліся амэрыканскія вайскоўцы. Аддзелены акіянам ад сваёй сям’і, Барыс Кіт ня браў актыўнага ўдзелу ў выхаваньні унукаў і праўнукаў, бачыўся зь імі рэдка, сьведчыць Віктар Кіт.
У Нямеччыне Барыс Кіт знайшоў сабе новую жонку Тамару Казевіч (1937–2018), зь якой заручыўся, але фармальнага шлюбу ня ўзяў. З Тамарыным унукам Аляксандрам Барыс Кіт атрымаў досьвед клапатлівага і шанаванага дзеда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьняУнук Тамары Аляксандар Вайнгандль з малых гадоў запомніў Барыса Кіта як свайго добрага дзядулю.
«Кожны раз, калі я думаю пра яго, заўсёды ўспамінаю такія яго галоўныя якасьці, як добразычлівасьць і эрудыцыя.
Мой дзед — навуковец, прафэсар — быў найадукаванейшым чалавекам. Менавіта адукацыйны працэс быў для яго галоўным на працягу ўсяго жыцьця і, больш за тое, рабіў яго шчасьлівым.
Яшчэ малым я любіў слухаць ягоныя гісторыі. Будучы ад уласнай прыроды чалавекам вясёлым і вельмі жывым, ён мог падаць нават самую сумную тэму, тую ж матэматыку, у маляўнічых фарбах. У выніку я здолеў адкрыць для сябе шмат такіх рэчаў, якімі раней ніколі не цікавіўся», — згадвае Аляксандар.
Гуляў з унукам у футбол
Аляксандар Вайнгандль добра памятае выходныя дні, якія ён праводзіў зь дзедам Барысам у парку ў раёне Борнгайм Франкфурту-на-Майне, непадалёк ад кватэры бабулі Тамары.
«Летам мы ладзілі тут розныя прагулянкі або проста адпачывалі на лузе, грэючыся пад сонейкам. З прыемнасьцю ўзгадваю нашу гульню ў футбол. Напэўна, мала хто ведае, што Барыс быў ня толькі інтэлектуалам, але і моцным спартовым заўзятарам, неблагім аматарам-футбалістам. Яму вельмі падабалася вучыць мяне гэтай гульні, бо ў дзяцінстве я і сам захапляўся ёю. Мне падабалася, як далёка і высока мой дзед мог падбіваць мячы, а я заўсёды падбадзёрваў яго сваім улюбёным заклікам па-нямецку: "Opi, über die Wolken!» («Дзеду, за хмары!»)
Гэтыя мячы часта губляліся ў хмызьняках, так што іх не заўсёды ўдавалася знайсьці. Пазьней Аляксандар зразумеў, што гэты ягоны заклік «Дзеду, за хмары!» быў выдатнай аналёгіяй для дзедавай карʼеры навукоўца, які ўнёс уклад у распрацоўку ракетнага паліва для касьмічных палётаў.
Любіў сямейныя сьвяты
Тамара Казевіч і Барыс Кіт любілі вандраваць па Нямеччыне і сьвеце, цёпла сустралі гасьцей зь Беларусі. Аляксандар згадвае, што зь дзядулем Барысам былі зьвязаныя і незабыўныя сямейныя сьвяты.
«На сямейных спатканьнях Барыс Кіт філязофстваваў з маім бацькам аб матэматыцы і гісторыі за кілішкам гарэлкі. Гэта рабілася таемна ад бабулі. Бутэльку бацька і дзед хавалі ў шафе, выпівалі, калі бабуля на кароткі час зьнікала на кухні, каб прынесьці чарговую страву», — згадвае Аляксандар і робіць выснову:
«Я магу з упэўненасьцю сказаць, што Барыс быў шчасьлівым чалавекам, ён рэдка сумаваў і зь ім заўсёды можна было ад душы павесяліцца. Напрыклад, ён любіў лавіць цукеркі, якія кідалі з машын падчас карнавалаў. Каб гэта не зайшло далёка, бабуля нават ушчувала яго, маўляў, ён „павінен пакінуць нешта і для іншых дзяцей“.
Разам Барыс і Тамара правялі 48 гадоў. Час толькі ўмацоўваў іх каханьне. Хоць яны так і не пабраліся шлюбам. Яны толькі былі заручоныя. Дарэчы, асабіста я так і не зразумеў, чаму яны ня выйшлі за рамкі гэтага свайго статусу. Магчыма, сакрэт іх каханьня тлумачыўся тым, што яны не жылі разам пад адным дахам. У кожнага была свая асабістая прастора і кожны, як кажуць, меў магчымасьці для адступленьня. Тым ня менш Барыс кожны дзень наведваў Тамару і кожны вечар тэлефанаваў ёй, каб пажадаць каханай добрай ночы і даведацца пра самаадчуваньне.
Нават у старэчым узросьце, калі ён быў у доме для старых, ён хваляваўся, каб бабуля вярталася ад яго дадому яшчэ пры дзённым сьвятле і не хадзіла па вуліцы ў цемры».
Аляксандар Вайнгандль прызнаўся ў інтэрвію Свабодзе, што шчыра захапляўся адносінамі дзядулі і бабулі: «Я быў бы шчасьлівы, калі б аднойчы і сам, азірнуўшыся назад, мог узгадаць падобны блізкасьцю і напоўненасьцю пачуцьцяў час з маёй каханай сяброўкай».
Унук Аляксандар са сваёй маці Ірынай арганізоўваў у 2018 годзе пахаваньне і дзядулі, і бабулі. Барыс Кіт памёр 1 лютага 2018 году, ягоная спадарожніца жыцьця Тамара Казевіч — 22 чэрвеня таго ж году. Яны пахаваныя побач на праваслаўных могілках Вісбадэну.