У Расеі вырашылі падлічыць жыхароў краіны, якія маюць імунітэт да каранавірусу

«Расспажыўнагляд» мае намер правесьці дасьледаваньне на колькасьць грамадзян краіны, якія ўжо атрымалі імунітэт да каранавірусу. Пра гэтую заяву кіраўніцы ведамства Ганны Паповай інфармуе Інтэрфакс.

У эфіры тэлеканалу «Расея 1» Ганна Папова паведаміла, што на наступным тыдні будзе зарэгістраваная тэст-сыстэма, якая вызначае антыцелы да новага каранавірусу. Тэст выраблены дзяржаўным навуковым цэнтрам «Вэктар».

Папова адзначыла, што «ужо заплянавана і распрацавана папуляцыйнае дасьледаваньне, трэба разумець, што робіцца ў папуляцыі, там, дзе было вельмі шырокае распаўсюджваньне, у Маскве і Маскоўскай вобласьці, і дзе яшчэ не было зусім віруса, як абароненая і як не абароненая папуляцыя» .

Паводле словаў Паповай, назапасіць і прааналізаваць дадзеныя па імунітэту расейцаў да кранавірусу можна будзе прыкладна праз 10 дзён пасьля пачатку правядзеньня дасьледаваньняў.

  • Паводле дадзеных на 5 красавіка, у Расеі зарэгістравана 5389 выпадкаў COVID-19 у 79 рэгіёнах. У Маскве захварэлі 3893 чалавека.
  • Аналягічныя рашэньні аб пачатку аналізаў крыві на антыцелы да каранавірусу прынятыя ў мінулыя дні ў ЗША, Італіі і Чэхіі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>