«Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТА

Вернікі ўдзельнічаюць у богаслужэньні праз інтэрнэт, а гандляры ўпрыгожаных галінак страчваюць заробак, дзеля якога працавалі цэлы год. Як Горадня адзначае Вербную нядзелю ва ўмовах пандэміі — у рэпартажы Свабоды.

Штогод на Вербніцу касьцёлы не зьмяшчаюць усіх ахвотных. Частка гурбы стаіць на вуліцы, займаючы ўвесь прылеглы ходнік так, што мінакам не прайсьці. Каб сьвятар пакрапіў вербы асьвячонай вадой, людзі шчыльна прыціскаюцца адзін да аднаго і вызваляюць вузкі праход. Але ня сёлета.

Біскуп Аляксандар Кашкевіч асьвячае сьвяточныя вербы ў горадзенскім Фарным касьцёле

«Гэта пякельная праца»

Яшчэ летась шэрагі вёдраў і скрыняў з галінкамі вярбы — таварам, актуальным толькі двойчы на год — пачыналіся адразу ад рога турмы, за некалькі сотняў мэтраў да ўваходу ў горадзенскі Фарны касьцёл. Тады можна было адчуць сябе нібы на індыйскім рынку — і празь пярэстасьць колераў, і праз настойлівасьць гандляроў.

Гандляроў вербамі ў разы менш

Сёлета дэкаратары галінак хоць і ня зьніклі, але іх у некалькі разоў менш. І месьцяцца яны на лапіку праз дарогу ад сьвятыні. Сярод гандляроў — цішыня і чаканьне.

«Што вы нас фатаграфуеце! Вы б лепей у кожнага набылі па вярбе», — прапануюць гандляры журналістам.

Прапановаў, як і раней, процьма. Тут і тоненькія простыя букецікі, і зь вялікімі плястыкавымі кветкамі, і аб’ёмныя круглыя традыцыйныя вербачкі з калосьсем і сухацветамі. Цэны ад рублю да сямі.

На вербных рыначках зацішша

Гандлярка сталага веку прызнаецца, што стаіць зранку, але прадала толькі дзесяць штук. У яе вырабы з дарагіх — па 5 і 7 рублёў.

«Гэта пякельная праца», — кажа яна пра сваё рамяство.

Жанчына пачынае рыхтаваць вербачкі яшчэ ўлетку: зьбірае, мые і фарбуе калосьсе, сушыць кветкі. Цэлую зіму круціць букеты.

«Мне, каб зрабіць дзьве такія вярбы, трэба цэлы дзень, — паказвае яна на самыя складаныя свае вырабы. — Я ўжо не магу рабіць. Артрыт скруціў. Паглядзіце, пальцы ня гнуцца. Муж дапамагае рабіць гэтыя, больш простыя вербы».

Раней прадавалі па 500 вербаў за сэзон

Па ейных словах, раней прадавалі і па 500 букецікаў «за сэзон». Выручкі хапала калі не на год, дык на некалькі месяцаў. Сёлета заробак будзе ці ня ў 10 разоў меншы, мяркуе жанчына.

«Вірус», — ёміста тлумачыць зацішша на іхнім рыначку іншы гандляр ва ўзросьце.

Ён шпарка паказвае вырабы на любы густ ад рублю да чатырох. Круціць вербы ягоная жонка, прадаюць разам.

«Адкуль жа мы ведалі, што гэты вірус будзе?»

«Цяпер адна траціна ёсьць ад таго, што было, — гаворыць ён пра колькасьць пакупнікоў. — А тавару нарыхтавалі ня менш, чым звычайна. Адкуль жа мы ведалі, што гэты вірус будзе?».

«Дастаткова перажагнацца і пакланіцца Богу»

За некалькі дзён да Вербніцы старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў заставацца дома і глядзець сьвяточныя богаслужэньні праз тэлебачаньне або сеціва. Перадусім, ён зрабіў акцэнт на людзях сталага веку, хворых і тых, хто баіцца заразіцца.

«Застаньцеся сёньня дома ўсе — каб потым усім прыйсьці ў касьцёл!!! — напісаў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько ў Фэйсбуку. — Памятайце, што не вада асьвячае стравы на стол, вярбу, а малітва!».

На Вербніцу храмы паўпустыя

Да таго ж, сёлета адмянілі працэсію па цэнтральных вуліцах Горадні паміж касьцёламі. Звычайна моладзь рыхтавала да яе вялізныя вербы даўжынёй некалькі мэтраў. Працэсія зьбірала некалькі тысяч чалавек з усёй вобласьці.

У горадзенскім францішканскім касьцёле

Відаць, вернікі пачулі пастыра. Касьцёлы паўпустыя. Застаюцца вольнымі нават лавачкі, на якіх раней займалі месца задоўга да пачатку імшы.

Сьвятары бяз масак. Яны крапяць вербы асьвячонай вадой, праходы праз касьцёл сёньня шырокія.

У горадзенскім францішкансікм касьцёле асьвячэньне на вуліцы

Тыя нямногія, хто ўсё ж вырашыў сьвяткаваць Вербніцу не віртуальна, перад уваходам у касьцёл надзяюць маскі, апрацоўваюць рукі антысэптыкам, які павесілі ў касьцёлах на ўваходзе. Кажуць, што насамрэч баяцца каранавірусу, але ўсё ж ідуць.

Некаторыя застаюцца маліцца на вуліцы, хоць вольнага месца ў касьцёле хапае.

На ўваходзе ў касьцёл зьвіліся антысэптыкі

У касьцёл ідзе моладзь, людзі сярэдняга ўзросту

Адна са сталых верніц, якую часта можна ўбачыць у касьцёле

Сярод верніц — мама Вольга з дачкой Тацянай.

«Мы вырашылі, што тут усё ж бліжэй будзем... Усе, напэўна, баяцца. Але вось, мы ўзялі маскі. Бабуляў пакінулі дома, вядома», — кажуць верніцы.

Старая зь вярбой у руцэ накіроўваецца да сходаў бяз маскі. «Я веру ў Бога», — адмахваецца яна рукой ад пытаньня і шпарка ўваходзіць у сьвятыню.

Некаторыя ўсё ж цалуюць крыж, нягледзячы на рэкамэндацыі сьвятароў

Споведзь праходзіць як звычайна. Ва ўсіх касьцёлах меліся павесіць плястыкавыя абароны паміж вернікам і сьвятаром

Каталічка Галіна адносіць сябе да тых, хто «добра сябе адчувае і сочыць за сабой». Яна прыйшла ў касьцёл з маленькім сынам, узялі з сабой маскі. Увечары плянуе нарабіць яшчэ масак сваімі рукамі, бо ўжо не купіць.

Некалькі сотняў чалавек сабраў галоўны касьцёл горада на адной зь імшаў

Жанчына ня лічыць сябе легкадумнай, перажывае, каб не заразіцца. Радасна кажа, што дома яны ўсё апрацоўваюць антысэптыкам і хлёркай.

У бэрнардынскім касьцёле. Пярэднія лавы пустыя

«Папярэджвалі, — заступаецца Галіна за сьвятароў. — Ваду ж забралі [асьвячоную, на ўваходзе ў касьцёл, куды людзі апускалі руку перад тым, як перажагнацца — РС]. Учора глядзела прамы эфір па інтэрнэце. Сказалі: «Старэнькія, назірайце імшу онлайн, можаце не прыходзіць, гэта не катастрофа — гэта хворым, хто кепска сябе адчувае... Ксёндз сказаў не прыхіляцца да крыжа, не цалаваць. Дастаткова перажагнацца і пакланіцца Богу», — распавядае яна пра захады, якія ўвялі ў касьцёле ў сувязі з пандэміяй.