За мінулыя суткі ў Віцебскай вобласьці зарэгістравалі 5 новых выпадкаў каранавірусу, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў на пасяджэньне абласнога штабу па барацьбе з распаўсюджваньнем COVID-19, піша гарадзкі сайт «Віцьбічы».
Паводле Шарсьнёва, за мінулыя суткі памерлых ад COVID-19 няма.
«Сытуацыя досыць сур’ёзная, — дадаў ён. — Па Віцебскай вобласьці адзначаецца рост захворваньня на ВРВІ на 16,4 працэнта, па горадзе Віцебску — на 27,6 адсотка, па Наваполацку — на 28 працэнтаў. Ёсьць населеныя пункты і гарады, па якіх адзначаецца зьніжэньне. За мінулыя суткі зарэгістравана 5 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, якія атрымалі пацьверджаньне. Ёсьць аналізы, якія знаходзяцца ў працы».
Мікалай Шарсьнёў настойліва рэкамэндаваў жыхарам вобласьці пабыць дома, мінімізаваць усе кантакты і перамяшчэньні, не выяжджаць за горад на пікнікі ў сувязі з пацяпленьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі шпіталь плянуе закупіць 50 мяшкоў для трупаўАфіцыйнай статыстыкі аб колькасьці новых выпадкаў каранавірусу па Беларусі за апошнія суткі на момант публікацыі не было. Па стане на 4 красавіка з паведамленьня Мінздароўя вынікала, што афіцыйна пацьверджаных выпадкаў каранавірусу па Беларусі 440 (зь іх 394 чалавекі знаходзіліся на стацыянарным лячэньні, 41 чалавек выздаравеў і выпісаны, 5 чалавек памерлі.
4 красавіка ў Віцебскай вобласьці, другой па колькасьці хворых на каранавірус рэгіёне Беларусі, за суткі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19. Паводле стану на 3 красавіка, у Віцебску ад пнэўманіі, ускладненай каранавірусам, памерлі тры чалавекі. З 351 зарэгістраванага выпадку каранавірусу — 89 у Віцебскай вобласьці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ