Сусьветныя цэны на прадукты харчаваньня рэзка зьніжаюцца з прычыны скарачэньня попыту, зьвязанага з наступствамі пандэміі каранавірусу COVID-19, паведамляе Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO).
«Паслабленьне попыту і падзеньне коштаў на нафту з прычыны глябальнай пандэміі зьніжаюць міжнародныя цэны на асноўныя харчовыя тавары», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сярэдняе значэньне індэксу харчовых цэн FAO, які адсочвае штомесячныя зьмены міжнародных цэн на асноўныя віды прадуктаў харчаваньня (збожжавыя, мяса, малочныя прадукты, алей і цукар), склала у сакавіку 172,2 пункта, і гэта на 4,35 ніжэй, чым было ў лютым.
«Зьніжэньне цэн у асноўным абумоўліваецца тэндэнцыямі попыту, а не прапановы. На тэндэнцыі попыту ўплываюць усё больш дрэнныя эканамічныя пэрспэктывы», — адзначае старэйшы эканаміст FAO Абдалрэза Абасіан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часнык па 15 рублёў, лімон — па 8,7. Крамы паднялі цэны, нягледзячы на пастанову ўрадуНайбольшае падзеньне адзначаецца для індэксу цэн на цукар, які зьнізіўся на 19,1%. Сярод прычын — зьніжэньне попыту на спажываньне па-за домам, што зьвязана зь мерамі карантыну самаізаляцыі, а таксама памяншэньне попыту з боку вытворцаў этылявага сьпірту ў сувязі з рэзкім падзеньнем коштаў на сырую нафту.
Арганізацыя таксама адзначае істотнае падзеньні індэксаў расьліннага алею, малака і збожжавых, зьніжэньне склала 12%, 3% і 1,9% адпаведна.
У Беларусі з пачатку красавіка, цэны на некаторыя тавары, наадварот, значна вырасьлі, нягледзячы на тое, што пастановай Савету міністраў ад 30 сакавіка ўлады забаранілі вытворцам і пастаўшчыкам прадукцыі падымаць цэны вышэй, чым на 0,5% у месяц.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю паабяцалі прааналізаваць сытуацыю і адкрылі «гарачую лінію», каб грамадзяне маглі скардзіцца на павышэньне цэнаў у крамах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра высокія цэны і адсутнасьць тавараў у крамах можна паведаміць праз «гарачую лінію» Дзяржкантролю