Расея ў ноч зь пятніцы на суботу прыпыняе ўсе авіярэйсы для вяртаньня расейцаў і грамадзян іншых краін на іх радзіму, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» крыніца ў адной з буйных расейскіх авіякампаній.
Паводле яго слоў, адпаведную тэлеграму разаслала Расавіяцыя.
Яшчэ адна крыніца ў галіне пацьвердзіла інфармацыю аб поўным прыпыненьні міжнародных рэйсаў з суботы.
Раней у пятніцу пасажыры «Аэрафлота» скардзіліся ў сацыяльных сетках, што непасрэдна перад вылетам з «Шарамецева» у Нью-Ёрк экіпаж паведаміў аб адмене рэйсу. Пазьней адмену рэйсу пацьвердзілі і ў генэральным кансуляце Расеі ў Нью-Ёрку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі дапамагло вярнуцца з-за мяжы 5840 грамадзянам краіны
Як паведамлялася, з аўторка Расея вырашыла скараціць колькасьць рэйсаў для вывазу расейцаў з замежных краін. Рашэньне прынятае дзеля больш якаснай мэдычнай праверкі тых, хто прыбывае з-за мяжы, патлумачыў міністар транспарту Расеі Яўген Дзітрых.
У Расавіяцыі ўдакладнілі, што прылёт грамадзян у Маскву будзе выконвацца строга праз аэрапорт «Шарамецева» ў колькасьці ня больш за 500 чалавек у суткі, у іншых суб’ектах Расеі — ня больш за 200 чалавек у суткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік