У сярэднетэрміновай пэрспэктыве паўстане пытаньне аб бязьвізавым уездзе беларусаў у краіны шэнгенскай зоны, заявіў 2 красавіка намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, адказваючы на пытаньні чальцоў Савета Рэспублікі, піша БелТА.
Парлямэнтары пацікавіліся пэрспэктывамі адносінаў Беларусі і Эўразьвязу.
«На парадку дня — пачатак перамоваў па заключэньні пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве, завяршэньне перамоваў аб уступленьні Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве паўстане пытаньне аб бязьвізавым уезьдзе беларусаў у краіны „шэнгену“», — сказаў намесьнік міністра.
Паводле яго, гаворка ідзе пра кароткатэрміновы турыстычны «шэнген», а не пра адмену патрабаваньняў аб працоўных візах у краіны Эўразьвязу. Алег Краўчанка падкрэсьліў, што Беларусь не імкнецца ўвайсьці ў склад Эўразьвязу, яе зацікаўленасць — «супрацоўніцтва адказных суседзяў, якія не ствараюць адзін аднаму праблем, а дапамагаюць, калі ў гэтым ёсьць неабходнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ратыфікавала дамову пра «шэнген за 35 эўра» для беларусаў2 красавіка беларускі парлямэнт ратыфікаваў пагадненьня з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму. Збор за шэнгенскую візу для грамадзян Беларусі паніжаецца да 35 эўра — раней ён складаў 60 эўра, але ад 2 лютага быў падвышаны да 80 эўра. Пагадненьне пра зьніжэньне да 35 эўра Эўразьвяз і Беларусь падпісалі яшчэ ў студзені, ратыфікуюць жа толькі цяпер.
Калі менавіта дамова набудзе моц, яшчэ не паведамлялася. Спачатку беларускі і эўрапейскі бакі павінны паведаміць адзін адному пра завяршэньне працэдураў ратыфікацыі. Дамову зь беларускага боку яшчэ павінен ратыфікаваць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка, з эўрапейскага — зацьвердзіць Эўрапарлямэнт і Рада Эўразьвязу. Дамова набудзе моц на першы дзень другога месяца пасьля гэтага. Гэта значыць, не раней за 1 чэрвеня, калі ўсё згаданае адбудзецца ў красавіку.