Беларус Аляксей Носаў працуе лекарам у адным са шпіталёў гішпанскай Валенсіі, дзе цяпер віруе каранавірус. Калі 29 сакавіка Носаў выйшаў на працу, зразумеў, што не адчувае пахаў. Здаў аналіз на каранавірус і пайшоў дадому. Праз два дні прыйшоў станоўчы вынік.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Свабода пагутарыла з Аляксеем пра тое, што адбываецца ў гішпанскіх шпіталях і як гэта — захварэць на каранавірус, калі ты толькі што ратаваў ад яго людзей.
Мы адразу пытаемся ў Аляксея пра здароўе. Ён кажа, што адчувае сябе нармальна.
«Лёгкі кашаль часам, — доктар некалькі разоў кашляе ў слухаўку і працягвае пералічваць свае сымптомы. — Тэмпэратуры няма, былі эпізоды дыярэі, пачуцьцё сьцісканьня ў грудной клетцы — як пасьля доўгага сядзеньня за кампутарам у нязручнай позе, як быццам трохі зашчаміў сьпіну. Гэта ўсё».
Носаў мяркуе, што вірус яшчэ не трапіў у ягоную кроў, таму няма тэмпэратуры.
«Ёсьць некалькі формаў цячэньня хваробы. Наколькі я зразумеў, у мяне больш лёгкая. Напэўна, гэта залежыць ад уласнай сыстэмы абароны арганізма. Я трэнуюся і гуляю ў рэгбі, ня ем ніякіх антыбіётыкаў, збалянсавана харчуюся, хранічных захворваньняў у мяне няма. Можа быць, гэта мяне ратуе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра чатырох памерлых з каранавірусам
«Праз 2-3 дні разьвівалася „нармальная“ двухбаковая пнэўманія»
Па спэцыяльнасьці Аляксей траўматоляг. Але падчас пандэміі, калі мэдыкаў не хапае, зьявіўся прафэсійны жарт: «Сядзіце, калі ласка, дома, калі ня хочаце, каб вам інтубацыю рабіў гінэколяг або траўматоляг».
Аляксей Носаў працуе ў прыёмным пакоі аднаго з гарадзкіх шпіталяў Валенсіі. Зьмена ў лекара цягнецца 14 гадзін.
«Калі я іду на зьмену, то 7 гадзін працую са звычайнымі пацыентамі — бо звычайных хваробаў ніхто ж не адмяняў. І 7 гадзін — у „зоне 0“ — для пацыентаў з рэсьпіраторнымі захворваньнямі. Там у нас адбываецца дыягностыка, каб адрозьніць каранавірус ад іншых захворваньняў. Ёсьць пэўная схема, якая залежыць ад узросту, тэмпэратуры і іншых праяваў».
Пацыентаў да 20 гадоў без тэмпэратуры і кашлю адпраўляюць дадому да моманту, пакуль у іх ня зьявіцца іншых сымптомаў, дзеліцца схемай працы Носаў. Калі ёсьць тэмпэратура ці кашаль, то пацыенту робяць рэнтген лёгкіх. Калі выяўляецца пнэўманія, то чалавека шпіталізуюць і робяць аналіз на каранавірус.
«У групе ад 20 да 40 гадоў, калі ёсьць кашаль і тэмпэратура, адразу робяць рэнтген і аналіз. Калі ты зьвярнуўся ў 60 гадоў і ў цябе нават нічога няма, то рэнтген і аналіз адразу ж».
Носаў паўтарае сумную, але ўжо агульнавядомую праўду: каранавірус найбольш небясьпечны для старых людзей, якія маюць нейкія хранічныя захворваньні.
«У людзей у пажылым узросьце, якія зьвярталіся без сымптомаў і былі станоўчымі на каранавірус, праз 2-3 дня разьвівалася „нармальная“ двухбаковая пнэўманія. Ня так даўно тут была даволі рэзанансная падзея: ад каранавірусу загінуў 21-гадовы чалавек, трэнэр фітнэсу. У яго выпадкова выявілі спадарожную паталёгію, зьвязаную з саркомай крыві. На фоне аслабленага арганізма хвароба разьвіваецца вельмі імкліва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркіУ Носава сымптомы каранавірусу лёгкія, яго не шпіталізавалі. Ён сядзіць дома разам са сваёй сям’ёй. Шпіталі проста ня могуць дазволіць сабе прымаць усіх людзей, у каго ёсьць каранавірусныя сымптомы.
«У нас і так не хапае магчымасьці разьмясьціць усіх цяжкіх. Таму людзей з падрабязнымі інструкцыямі адпраўляюць дадому. Я жыву зь сям’ёй, і мая жонка ўсё роўна выходзіць у краму. Мае сямейнікі зьяўляюцца носьбітамі вірусу, але бессымптомнымі».
«Тое ж самае адбывалася ў тых краінах, дзе цяпер пекла пякельнае»
Аляксей расказвае, што чэргі ў краму — на вуліцах, бо ў памяшканьні можа знаходзіцца толькі абмежаваная колькасьць людзей. На ўваходзе стаіць антысэптык, у якім можна памыць свае пальчаткі.
«І абавязкова паверх сваіх пальчатак надзяваеш пальчаткі, якія даюць у краме», — дадае доктар.
Носаў мяркуе, што распаўсюджваньне хваробы залежыць ад паводзінаў людзей. Ён зьдзіўляецца, што ў Гішпаніі, якая стала адной з ахвяраў каранавірусу, усё роўна «знаходзіліся адважныя людзі, якія і ў мэтро езьдзілі бяз масак і пальчатак».
«Нават некаторыя прадаўцы тыдзень таму стаялі бяз масак і пальчатак. Я не абараняюся маскай і пальчаткамі. Я абараняю вас маскай і пальчаткамі. А вы абараняеце мяне. Гэта значыць, я ваша абарона, а вы мая. Значыць, калі я выкарыстоўваю гэтую абарону, а хтосьці зь мяне сьмяецца, то яны не паважаюць ня проста мяне, а і ўсіх астатніх. Ёсьць бессымптомныя носьбіты вірусу».
Пытаемся ў Носава, ці варта беларусам насіць маскі, бо цяпер няшмат людзей іх надзяваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі«Тое ж самае адбывалася ў тых краінах, дзе цяпер пекла пякельнае. Жудаснае пекла. У Італіі, Гішпаніі, у ЗША таксама ня вельмі да гэтага ставіліся, езьдзілі бяз масак і хіхікалі. Але гэтая штука не даруе. Можаце сьмяяцца з каго заўгодна і ставіцца да гэтага як заўгодна. Але справа ў тым, што нож у сьпіну вам усадзяць. Пытаньне толькі ў часе.
Колькасьць людзей, якія кантактуюць паміж сабой, — гэта тое, што прыводзіць да колькасьці заражэньняў. Прычым колькасьць заражаных памнажаецца. Ёсьць інкубацыйны пэрыяд, які доўжыцца прыкладна ад 3 да 14 сутак.
Мне вельмі шкада Беларусь, улічваючы, што цяпер адбываецца. Горш за ўсё, калі хтосьці памірае ад каранавірусу, які не кваліфікуюць як каранавірус. І пэрсанал не апрацоўвае ні ложак, ні мэблю, самі не засьцерагаюцца ніякім чынам. Адпаведна, яны заражаюць усё больш і больш людзей».
Як у Гішпаніі лечаць ад COVID-19
«У нас лечаць сымптомы пнэўманіі. Калі ёсьць пнэўманія і дыхальная недастатковасьць, то інтубуюць ці праводзяць вэнтыляцыю лёгкіх і ўводзяць два магутныя антыбіётыкі — азітраміцын і гідроксіхлёрахін».
На думку Аляксея Носава, колькасьць людзей, якія захварэюць ці стануць носьбітамі новага каранавірусу, дасягне 90% жыхароў Зямлі.
«Гэты вірус вельмі кантактны. Людзі будуць яго пераносчыкамі — бессымптомна, зь мінімальнымі або сурʼёзнымі сымптомамі. У мяне ён знаходзіцца ў насаглотцы. Задача — ня даць апусьціцца вірусу ў лёгкія. Таму я пастаянна палашчу горла, пʼю цёплыя напоі, каб змываць вірус у страўнік. У страўніку знаходзіцца наш сябар саляная кіслата, якая забівае ўсё, што туды трапляе, акрамя пэўных відаў бактэрый, якія ў гэтым выпадку ня маюць значэньня. Прамываю нос і насаглотку солевым растворам — на шклянку вады пару чайных лыжак солі, пару кропель ёду. Рэкамэндуецца кожныя паўгадзіны штосьці піць, нешта ўжываць».
Аляксей нагадвае: ёсьць вялікая імавернасьць захварэць, дакрануўшыся да чагосьці, а потым да твару — у пальчатках ці бязь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскую лекарку, яка напісала пост пра сытуацыю з COVID-19, выклікалі ў пракуратуру. Яна і там заклікала да карантыну«На мэталічных паверхнях гэты вірус жыве да 7-9 дзён. Вельмі важна рабіць штодзённую вільготную прыборку дома, важная гігіена — пастаяннае мыцьцё рук».
Што тычыцца Беларусі, то Носаў думае, што Беларусь толькі на самым пачатку эпідэміі.
«Нават таму, што нармальна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра вірус. Праўду кажуць, што гэта, як радыяцыя: яе не відаць. Калі б па горадзе бегалі злыя сабакі і рвалі бы ўсіх, то, натуральна, усё б сядзелі дома. А гэта маленькі вірус, яго не відаць, таму людзі думаюць: „Ах, што там я! Я ж зух! Пайду кульну сто грамаў лукашэнкаўскіх! У лазьню схаджу, а потым зарыюся ў зямлю па ноздры і ўсё, нічога ня будзе“. Гэта хлусьня».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ