Сёньня адбываецца першае паседжаньне другой сэсіі ў Палаце прадстаўнікоў. На ўваходзе ўсім мералі тэмпэратуру, але дэпутаты прыйшлі без масак.
У масках былі толькі ахоўнікі. Журналістам не дазвалялі фатаграфаваць, як адбывалася гэта працэдура. На ўваходзе ў Палату прадстаўнікоў і ў калідоры каля прыбіральняў усталявалі дазатары з дэзынфэкцыйным сродкам. Карыстаньне дазатарам таксама здымаць не дазвалялі. Ні ў кога з дэпутатаў і журналістаў павышанай тэмпэратуры сёньня ня выявілі.
Старшыня камісіі міжнародных спраў Андрэй Савіных сказаў журналістам, што ў Палаце прадстаўнікоў прынятыя «адпаведныя захады».
«На кожным паверсе ёсьць дэзынфэкцыйныя сродкі, сёньня ўсе ўдзельнікі сэсіі правераныя на тэмпэратуру. У выпадку павышанай тэмпэратуры людзям рэкамэндуюць накіроўвацца ў мэдпункт ці да лекара».
Паводле Савіных, захады, якія робяцца, «дастатковыя». «Яны дазволяць захаваць прафэсійную дзейнасьць і перадухіліць распаўсюд інфэкцыі ў сьценах Палаты прадстаўнікоў», — сказаў Савіных.
Пытаньне пра магчымасьць правядзеньня сэсіі ў рэжыме онлайн не разглядалася.
«Я думаю, што для гэтага няма ніякай сур’ёзнай неабходнасьці», — сказаў Савіных.
Падчас падыходу да прэсы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса журналістам дазволілі спытаць толькі пра пастаўкі нафты і пра комплекс захадаў для падтрымкі насельніцтва на фоне пандэміі каранавірусу. Румас ня стаў адказваць на пытаньне пра колькасьць хворых на каранавірус у Беларусі. Ён сказаў, што гэтае пытаньне не да яго, а да Міністэрства аховы здароўя.
Андрэйчанка: «У сьвеце пануе разгубленасьць, урады дзейнічаюць паасобку»
Першае, пра што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка згадаў у сваім уступным слове, было будучае пасланьне кіраўніка краіны.
Паводле яго, пандэмія «уносіць карэктывы», «згушчаць фарбы ня варта, але ня варта і спрашчаць гэтую праблему». Паводле Андрэйчанкі, «своечасовае прыняцьце дзяржавай дакладных прэвэнтыўных захадаў дазволіла ўзяць сытуацыю пад кантроль».
«Ня менш актуальная задача ў мінімізацыі ўплыву эпідэміі на гаспадарчую дзейнасьць. Нам трэба яшчэ раз прадумаць формы падтрымкі дзелавой актыўнасьці, прасачыць, каб людзі своечасова атрымлівалі заробкі, пэнсіі, каб ім аказваліся неабходныя сацыяльныя паслугі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў заявілі, што сытуацыя з каранавірусам у Беларусі пад кантролемАндрэйчанка сказаў, што ўзьніклі цяжкасьці з рэалізацыяй міжнароднай праграмы ад таго, што краіны ідуць на карантын. Паводле яго, «пандэмія наглядна паказала, чаго вартая сучасная сыстэма міжнароднай бясьпекі», «у сьвеце пануе разгубленасьць, урады дзейнічаюць паасобку», а эканамічная сытуацыя яшчэ больш ускладнілася. З пандэміяй і крызісам можна справіцца, калі ўсе краіны «будуць супрацоўнічаць, паважаючы інтарэсы адна адной». Андрэйчанка заклікаў успомніць урокі гісторыі, калі «75 гадоў таму вялікія дзяржавы змаглі пераадолець узаемны недавер і аб’яднацца, каб зьберагчы сьвет ад фашызму».
Паводле Андрэйчанкі, на гэтай сэсіі неабходна прыняць «важнае палітычнае рашэньне — прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Мы цяпер на піку», але «падставаў пераносіць выбары няма»У сёньняшнім парадку дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў было 8 пытаньняў, пераважна ратыфікацыя розныя пагадненьні, сярод якіх пагадненьне аб спрашчэньні выдачы візаў паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Старшыня камісіі заканадаўства Сьвятлана Любецкая сказала журналістам перад пачаткам сэсіі, што разглядаюцца прапановы, каб увесьці адміністрацыйную адказнасьць за дзеяньні грамадзян, якія ствараюць небясьпеку для здароўя: за ўтойваньне інфармацыі пра крыніцу заражэньня, пра свой стан здароўя, пра наяўнасьць небясьпечных прыкмет захворваньня.
«Гэта найперш будуць прафіляктычныя захады», — сказала яна. — Сёньня, як ніколі, запатрабавана інфармацыйнае забесьпячэньне насельніцтва аб правілах паводзінаў, гігіенічных нормах і патрабаваньнях. Разумны падыход усіх прадстаўнікоў грамадзтва важны, як ніколі".
Журналістаў не пусьцілі ў Авальную залю на адкрыцьцё сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Сярод прычын такога рашэньня ў прэс-службе назвалі эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне. Фотакарэспандэнтам можна было зрабіць толькі пратакольныя здымкі. Праца прадстаўнікоў СМІ абмяжоўвалася прэс-цэнтрам.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ