Пасьля першай афіцыйна пацьверджанай сьмерці ад каранавірусу ў Віцебску Мінздароўя наогул перастала публікаваць інфармацыю пра агульную колькасьць хворых у краіне, у гэтай сытуацыі праваабаронцы асабліва занепакоеныя становішчам вязьняў, інфармацыя пра якіх увогуле недаступная для грамадзкасьці, піша праваабарончы сайт «Вясна».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Праваабаронцы адзначаюць, што ў Віцебску склалася напружаная сытуацыя ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавірусу, а ў Віцебскай вобласьці знаходзяцца пяць калёній, тры папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, два лячэбна-працоўныя прафілякторыі і СІЗА.
Раней у турмах і калёніях адмянілі спатканьні «ў мэтах прафіляктыкі інфэкцыйных захворваньняў», але на днях Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала прыняць тэрміновыя меры для абароны жыцьця і здароўя зьняволеных у сувязі з пандэміяй COVID-19.
«У многіх краінах месцы пазбаўленьня волі перапоўненыя, часам да небясьпечнай мяжы. Людзей часта ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, а мэдыцынская дапамога не адпавядае неабходным стандартам або наогул адсутнічае. Фізычнае дыстанцыяваньне і самаізаляцыя ў такіх умовах практычна немагчымыя», — заявіла Бачэлет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Жалезныя вейкі“ на турэмных вокнах застаюцца». Суд адмовіўся разглядаць скаргу аб парушэньні санітарных нормаў у СІЗА і турмахЯк адзначыла Мішэль Бачэлет, уладам неабходна разгледзець магчымасьць вызваленьня вязьняў, найбольш уразьлівых да COVID-19, сярод якіх пажылыя людзі, хворыя, тыя, хто зьдзейсьніў мала небясьпечныя злачынствы.
«Сёньня як ніколі ўрады павінны вызваліць кожнага, хто быў затрыманы бяз важкіх прававых падстаў, у тым ліку палітвязьняў і іншых асобаў, затрыманых толькі за выказваньне крытычных поглядаў і іншадумства», — падкрэсьліла Бачэлет.
Вярхоўны камісар таксама заклікала не забывацца на тых, хто знаходзіцца ў закрытых псыхіятрычных установах, дамах састарэлых і інтэрнатах, а таксама тых, хто там працуе, і наведнікаў, таму што наступствы для гэтых людзей могуць быць катастрафічнымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ