У ЗША больш за 80% насельніцтва застаецца дома, каб спыніць распаўсюд COVID-19

Амэрыканскія вайскоўцы ладзяць палявы шпіталь у Сіэтле, штат Вашынгтон, 31 сакавіка 2020

З 1 красавіка чатыры штаты ЗША далучыліся да больш як 30, дзе ўлады загадалі жыхарам застацца дома, каб утаймаваць пандэмію COVID-19. Больш за 5 тысяч чалавек ужо сталі ахвярамі каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША.

Губэрнатары Флорыды, Джорджыі, Місісіпі і Нэвады таксама патрабуюць, каб жыхары абмежавалі ўезд і выезд і пакідалі месца жыхарства толькі дзеля таго, каб купіць ежу ці лекі. У цяперашні час гэтай палітыкай кіруюцца 39 штатаў і акруга Калюмбія, дзе пражывае больш за 80% насельніцтва ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі Расею, Кітай і Іран у дэзынфармацыі аб каранавірусе

Колькасьць памерлых ад COVID-19 у ЗША па-ранейшаму ніжэйшая, чым у Італіі, дзе ад каранавіруснай інфэкцыі загінулі 13 155 чалавек, а таксама ў Гішпаніі, дзе загінулі 9 387. Але Злучаныя Штаты на першым месцы ў колькасьці заражаных — такіх выпадкаў у краіне амаль 217 тысяч, як сьведчаць зьвесткі з Унівэрсытэту Джона Гопкінса.

Амэрыканскія мэдыцынскія экспэрты прагназуюць, што ад 100 000 да 240 000 чалавек у ЗША могуць памерці, нават калі будуць выконвацца карантынныя абмежаваньні адносна захворваньня на COVID-19, выкліканыя каранавірусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Расея адправіла ЗША «цэлы самалёт» мэдыцынскага абсталяваньня

Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасьць заражаных людзей у сьвеце дасягне 1 мільёна цягам бліжэйшых гадзін, а колькасьць загінулых неўзабаве складзе больш за 50 тысяч.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ