Ад раніцы 1 красавіка ва ўсім Віцебску немагчыма было набыць мэдыцынскіх масак. Ні аднаразовых, ні шматразовых.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
На сайце даведкі tabletka.by ёсьць інфармацыя пра 20 аптэк гораду, дзе па стане на сёньняшнюю раніцу былі мэдыцынскія маскі. Але ў наяўнасьці іх нідзе не засталося. Свабода абзваніла ўсе пазначаныя аптэкі, і толькі ў гарадзкім пасёлку Руба за 16 км ад Віцебску адказалі, што ў іх засталося дзесяць масак.
«Але ў мяне тут такая чарга, што зараз усё раскупяць, — паведаміла правізар па тэлефоне. — Маскі мы не рэзэрвуем».
У прадпрыемстве «Фармацыя», куды ўваходзяць большасьць аптэк гораду, паведамілі, што маскі ў Віцебск завозяць штодня, але іх хутка раскупляюць.
«Учора прывезьлі 25 тысяч шматразовых марлевых. Яны разьмяркоўваюцца паміж шпіталямі і аптэкамі. Сёньня таксама чакаем вялікую партыю. Іх адразу разьвязуць па аптэках», — паведамілі ў даведцы «Фармацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпартаж зь Віцебску. Ці сапраўды ў горадзе надзвычайная сытуацыя ў сувязі з каранавірусам. ВІДЭААднаразовыя маскі таксама завозяць. Але нашмат меней.
У аптэках у цэнтры гораду кажуць, што маскі сапраўды тут бываюць, але іх імгненна разьбіраюць.
«Учора 700 прывезьлі, за вечар усё разабралі», — сказалі ў аптэцы на вуліцы Кірава каля чыгуначнага вакзалу.
«Сёньня ўжо чалавек сто ад раніцы пыталі», — паведаміла правізар яшчэ ў адной аптэцы на Кірава.
У Віцебску жыве 380 тысяч чалавек. Як расказвала Свабодзе мясцовая лекарка, у горадзе чатыры шпіталі пераведзеныя пад прыём людзей з пнэўманіяй, шмат у каго зь іх выяўлены каранавірус COVID-19. Са словаў Аляксандра Лукашэнкі, дзесяць віцебскіх лекараў заразіліся каранавірусам. Таксама ў Віцебску зарэгістравалі першую сьмерць ад каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта баль падчас халеры». Як выглядае Віцебск падчас эпідэміі каранавірусу. ФОТА, ВІДЭА
Што адбываецца ў Віцебску. Сьцісла
- 31 сакавіка ў Віцебску памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Праўда, яго афіцыйнай прычынай сьмерці запісалі «неўдакладненую пнэўманію».
- Калектыў Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа адправілі ў адпачынак, пяцёра шпіталізаваныя.
- Віцебскі гарвыканкам яшчэ да выходных зацьвердзіў надзвычайны плян дадатковых захадаў для прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюду каранавірусу ды іншых рэсьпіраторных інфэкцый.
- 29 сакавіка тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю, што міліцыі забаранілі выяжджаць і заяжджаць на Віцебшчыну. У МУС сказалі, што гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў.
- «Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2–3 разы больш [чым звычайна], — сказала Свабодзе 30 сакавіка доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў. — Я памятаю эпідэмію 2009 году, калі ў нас быў сьвіны грып, дык такога не было, каб у нас 4 шпіталі былі закрытыя пад пнэўманіі».
- Аднак кіраўнікі віцебскіх лякарняў запэўнілі нас, што працуюць «у штатным рэжыме».
- «Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласьць у нас заўсёды і кліматам іншая, і троху зрушыўся гэты пік захворваньня. Сёньня там працуе міністар аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спэцыялістаў, каб яны зьвярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы», — сказаў 31 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў размове з старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай.
- Мінздароўя паведаміла пра першы выпадак заражэньня каранавірусам у Віцебску 2 сакавіка. Тацьцяна Яфрэмава стала першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі COVID-19. Яна прывезла яго зь Італіі. Вучняў чатырох клясаў трох навучальных установаў Віцебску тады ж перавялі на хатняе навучаньне.
- 16 сакавіка на віцебскіх абутковых фабрыках «Белвест» і «Чырвоны кастрычнік» у Віцебску ўвялі карантын.
- «У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян, — сказала Свабодзе 30 сакавіка доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў. — Яны вярнуліся ўжо заражаныя каранавірусам. Ніякіх карантынных захадаў не было зроблена, яны хадзілі на працу, у крамы, іх дзеці хадзілі ў школы. На жаль, у Віцебску ўсё гэта распаўсюдзілася шырэй, чым у іншых гарадах».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ