Паводле Мінздароўя Беларусі, цяпер «зарэгістравалі другі выпадак сьмерці ўзроставага пацыента з наяўнасьцю шматлікіх хранічных захворваньняў, паводле папярэдніх зьвестак, абцяжараных каранавіруснай інфэкцыяй».
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 1 красавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: за апошні дзень 5 пацыентаў выпісаныя, яшчэ 157 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
30 сакавіка Мінздароўя паведамляла пра 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: тады 47 пацыентаў былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», яшчэ 105 былі «пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
Колькі выпісалі за два дні, можна зразумець зь сёньняшняга і ўчорашняга паведамленьня: цяпер выпісалі 5, днём раней — 6, сумарна 11. Ды колькі выпісаных былі ў ліку 47, якія днём раней былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», невядома.
Таксама невядома, колькі зьявілася новых пацыентаў з дыягназам COVID-19 і колькі агулам выпадкаў каранавірусу зафіксавалі на 1 красавіка. На лячэньні, у параўнаньні зь мінулым паведамленьнем, стала на 52 чалавекі больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла настаўніца з Доктаравічаў, дзе выявілі каранавірус31 сакавіка Мінздароўя не паведаміла пра колькасьць хворых або новых выяўленых выпадкаў (у сацсетках паведамленьні Мінздароўя называюць «рэбусамі»), ды пацьвердзіла першую сьмерць інфікаванага. У даведцы аб сьмерці 75-гадовага віцебскага актора Віктара Дашкевіча ня згадвалася каранавірусная інфэкцыя, прычына сьмерці — «неўдакладненая пнэўманія».
Аляксандар Лукашэнка так пракамэнтаваў сьмерць Дашкевіча:
«Мы падазраём, што ў Віцебску гэты актор памёр, і ў яго таксама быў да пнэўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе... — чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?
Жонка здаровая — яна ж з мужам жыла, — дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, небарака, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнэўманіяй, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ляжаў, ратавалі яго».
На прэс-канфэрэнцыі 27 сакавіка Мінздароўя паведаміла, што сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.