Адразу некалькі фанацкіх груповак заявілі аб прыпыненьні наведваньня матчаў з удзелам камандаў сваіх рэгіёнаў.
«Чэмпіянат Беларусі ў футболе не спынілі, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу. Гульні трансьлююць там, дзе раней і не падумалі б гэта рабіць. А збольшага дзівяцца з нас, сьмяюцца», — адзначаюць ультрас горадзенскага «Нёману».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбол падчас каранавірусу. Як падзеляць грошы ад продажу тэлеправоў на чэмпіянат БеларусіУ звароце да іншых актыўных заўзятараў яны канстатуюць: да таго часу, пакуль грамадзтву будуць хлусіць пра рэальную карціну распаўсюду хваробы, горадзенскія фанаты перастаюць наведваць хатнія і выязныя матчы сваёй каманды.
«Гэта рашэньне няпростае, нам складана пакінуць каманду без падтрымкі, але цяпер галоўнае — здароўе нашых грамадзянаў. Мы заклікаем усе фанацкія рухі Беларусі да гэтага. Давайце застанемся дома, зьнізім рызыкі, абаронім сябе і сваіх блізкіх».
Горадзенцы таксама заклікалі Беларускую фэдэрацыю футболу пад кіраўніцтвам Уладзімера Базанава набрацца сьмеласці і прыпыніць чэмпіянат, як гэта зрабілі ва ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся Эўропа нам зайздросьціць!». Рэпартаж з Жодзіна, дзе прайшоў адзіны ў сьвеце футбольны матчЗаклік падтрымалі ультрас салігорскага «Шахтара», якія заявілі, што таксама прыпыняюць наведваньне хатніх і выязных матчаў каманды да таго моманту, пакуль эпідэміялягічная сытуацыя не дазволіць вярнуцца ў сэктар.
Яны зьвярнуліся да футбольных, хакейных ды іншых заўзятараў, каб тыя ўстрымаліся ад паходу на стадыён або ў лядовы палац, бо гэта цягне за сабой неапраўданую рызыку.
«З тысячы тых, хто прыйшоў на арэну, усяго адзін можа быць інфікаваны — і менавіта табе можа „фартануць“ зь ім сустрэцца. Асабліва гэта тычыцца прымусовых загонаў на хакей ад прадпрыемстваў: задумайся, ці варты такі адгул здароўя тваіх дзяцей і бацькоў? Гэтая ўлада ніколі пра вас не падумае. Ваша бясьпека толькі ў вашых руках», — падсумоўваюць фанаты салігорскага «Шахтара».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма крытычнай сытуацыі». Футбольная фэдэрацыя не зьбіраецца спыняць чэмпіянат БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ