Колькі сумленных дактароў могуць зламаць мэханізм фальсыфікацыяў?

Машына хуткай дапамогі на вуліцах Менску

Ці мяняецца тон заяваў Лукашэнкі і паведамленьняў афіцыйных СМІ адносна пандэміі каранавірусу? Якой афіцыйнай інфармацыі пра пандэмію не хапае СМІ і грамадзтву? Якія межы хаваньня інфармацыі ў сучасным беларускім грамадзтве? Ці адмяняе пандэмія палітычную барацьбу?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

УЖЫВУЮ. Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Сьцісла:

Карбалевіч

  • Рыторыка Лукашэнкі супярэчлівая. З аднаго боку, псыхоз. Зь іншага боку, трэба прымаць захады супраць распаўсюду пандэміі
  • Міністэрства аховы здароўя дзейнічае ў межах палітычных задач, сфармуляваных Лукашэнкам
  • Калі сытуацыя набудзе трагічны трэнд, то, не выключаю, і некаторыя дзяржаўныя ці абдзяржаўленыя структуры спыняць маўчаньне. І, магчыма, плаціну прарве

Цыганкоў

  • Параўнаньні лініі беларускіх уладаў з палітыкай Трампа зусім недарэчныя і неадпаведныя, але Лукашэнка лічыць, што такія параўнаньні з ЗША яму дадаюць пункты
  • Нармальная і правільная статыстыка перш за ўсё спрыяла б зьніжэньню панікі, але, відавочна, што прадстаўнікі ўлады — закладнікі адной устаноўкі
  • Калі будзе 15 тысяч (пры гэтым тысяча ў адным нейкім месцы), а міністэрства будзе казаць 150 — то гэта ўжо ня можа прайсьці незаўважаным
  • Давер да ўлады можна падрываць — гэта і ёсьць палітыка

Ці адбываецца паварот у інфармацыйнай палітыцы ўладаў?

Дракахруст: Сёньняшні дзень — дзень, калі зьявілася паведамленьне пра першую сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі. Вось некаторыя загалоўкі паведамленьняў дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА ў гэты дзень:

  • Валянтэры БРСМ вучаць людзей сталага веку рабіць пакупкі онлайн
  • У Менскім мэтрапалітэне пачалі ўсталёўваць бескантактныя дазатары з антысэптыкам
  • Аляксандар Лукашэнка заклікае на фоне распаўсюджаньня вірусаў паберагчы людзей сталага веку

Навошта ўсё гэта рабіць, калі пандэмія каранавірусу — адно «псыхоз», як гэта казалася да апошняга часу? Ці можна сказаць, што тон афіцыйных СМІ і кіраўніка дзяржавы адносна пандэміі ўсё ж мяняецца?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Так, сапраўды, тон мяняецца. І гэта заўважна з кожным новым выступам Аляксандра Лукашэнкі. 27 сакавіка падчас наведаньня заводу «Белгіпс» ў Менскім раёне ён узгадваў пра пандэмію як псыхоз, але патлумачыў адсутнасьць у Беларусі карантыну эканамічнай немэтазгоднасьцю. Маўляў, карантын загубіць эканоміку. Пры гэтым у якасьці саюзьніка ўзяў прэзыдэнта ЗША Трампа, які заявіў, што калі мы неадкладна ня вернемся на прадпрыемствы і не пачнём працаваць, то ад беспрацоўя памрэ значна больш амэрыканцаў, чым ад каранавірусу. То бок ён пачаў тлумачыць сваю пазыцыю рацыянальнымі рэчамі. І сёньня падчас сустрэчы з Натальляй Качанавай ён апраўдваўся, казаў, што мы нічога не хаваем.

Але, варта заўважыць, што рыторыка Лукашэнкі супярэчлівая. З аднаго боку, псыхоз. Зь іншага боку, трэба прымаць захады супраць распаўсюду пандэміі. Але і пазыцыя дзяржаўных мэдыяў таксама супярэчлівая. З аднаго боку, яны ўвесь час спрачаюцца зь нейкімі фэйкамі. А зь іншага боку перадаюць заклікі Міністэрства аховы здароўя да людзей, асабліва сталага веку, захоўваць ізаляцыю, гігіену і іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сытуацыя з пандэміяй пагоршылася, але ўлады ўзмацнілі рэжым сакрэтнасьці

Цыганкоў: Можна канстатаваць, што тон мяняецца. Хаця Лукашэнка яшчэ трымаецца сваёй ранейшай бравады («Вы бачыце гэты вірус? І я ня бачу»), але пасьля таго, як гэта параўналі з 1986 годам, з радыяцыяй і Чарнобылем, — напэўна, і ён зразумеў, што гэта перабор.

Новы аспэкт — спасылкі на замежны досьвед, у прыватнасьці, на Трампа. Няважна, што параўнаньні тут зусім недарэчныя і неадпаведныя (Трамп ва ўмовах карантыну заяўляе, што каб эканоміка працавала, гэты карантын не павінен быў доўгім і ўсеабдымным) — але Лукашэнка лічыць, што такія параўнаньні з ЗША яму дадаюць пункты.

Лукашэнка заявіў, што «пік ужо пройдзены», і напэўна, гэта адбіваецца на працы адпаведных структураў. Вось апошняе паведамленьне Міністэрства аховы здароўя ў Тэлеграме.

«За апошнія суткі ў лячэбныя ўстановы краіны з падазрэньнем на каранавірусную інфэкцыю паступіла 11 чалавек, выпісана 128 чалавек, у тым ліку 6 пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік».

То бок, раней яны заблытвалі народ сваёй спэцыфічнай матэматыкай, а цяпер вырашылі проста не паведамляць агульную лічбу, каб не палохаць дынамікай. А даваць дынаміку наадварот — захварэла мала, выздаравела шмат. Гэта відавочная рэакцыя на тое, што Лукашэнка ж сказаў, што пік прайшлі. Нягледзячы на тое, што ўсе факты сьведчаць, што пік яшчэ не настаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У прычынах сьмерці каранавірус не напішуць». Лекаркі пра тое, што цяпер адбываецца ў менскіх шпіталях

Чаму ўлады хаваюць інфармацыю пра пандэмію?

Дракахруст: Беларуская асацыяцыя журналістаў і партал TUT.BY выступілі са зваротамі да ўладаў забясьпечыць большую празрыстасьць інфармацыі пра пандэмію. А якой інфармацыі ўлады не даюць пра яе?

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Шмат якой. Я, напрыклад, ня ўпэўнены, што выпадак зь першым памерлым ад каранавірусу ў Віцебску патрапіў бы ў адпаведную статыстыку, калі б журналісты ўжо ня ведалі, што гэты чалавек мае COVID-19.

Цяпер у СМІ зьяўляецца шмат сьведчаньняў дактароў пра тое, як у бальніцах стараюцца не фіксаваць менавіта гэты дыягназ, а пісаць іншыя — пнэўманію і гэтак далей. Потым важна адзначыць, што ў Беларусі няма статыстыкі па рэгіёнах. Гэта статыстыка магла б дапамагаць людзям у канкрэтным раёне ці горадзе ведаць, ці ёсьць у іх хворыя на каранавірус і адпаведна рэагаваць. Мы ведаем, што ў Віцебску людзі сталі сабе паводзіць зусім па-іншаму, пасьля таго, як зразумелі, што менавіта ў іх горадзе колькасьць людзей з каранавірусам большая, як у іншых гарадах. І мне тут нават незразумела, чаму ўлады баяцца даваць нармальную і правільную статыстыку. Гэта ж перш за ўсё будзе спрыяць зьніжэньню панікі, гэта будзе карысна ўсім, у тым ліку і ўладзе. Але, відавочна, што яны закладнікі адной устаноўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна віцебскі актор памёр не ад каранавірусу

Дракахруст: Напачатку Міністэрства аховы здароўя давала інфармацыю апэратыўна. Журналісты іх нават хвалілі. А потым сталі даваць інфармацыю так, як гэта апісаў зараз Віталь. Чаму?

Карбалевіч: Усе дзяржаўныя інстытуты сталі закладнікамі пазыцыі аднаго чалавека, ягонай карціны сьвету. Таму яны падганяюць, падпарадкоўваюць сваю інфармацыю міту Лукашэнкі пра пандэмію як сусьветны псыхоз, пра Беларусь як выспу бясьпекі ад каранавірусу. І што тут усё пад кантролем улады. І што, як распавядаюць дзяржаўныя мэдыі, беларуская мэдычная сыстэма мае вялікую перавагу над краінамі Эўропы, і тут такая сытуацыя, як у Італіі, немагчымая.

Палітычная подбіўка пазыцыі Міністэрства аховы здароўя першы раз стала заўважна, калі ў пачатку сакавіку зьявілася супольная заява гэтага міністэрства і Міністэрства інфармацыі, скіраваная супраць палітычных апанэнтаў і незалежных мэдыяў. Здавалася, што гэтую заяву пісалі ў ідэалягічным упраўленьні адміністрацыі прэзыдэнта. І тады стала зразумела, што Міністэрства аховы здароўя дзейнічае ў межах палітычных задач, сфармуляваных Лукашэнкам. У выніку ўсе мэдычныя структуры розных узроўняў, у тым ліку, мясцовыя, галоўныя дактары шпіталёў жорстка дэтэрмінаваныя гэтымі ўстаноўкамі і адмаўляюцца даваць інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі

Чаму не схавалі сьмерць ад каранавірусу Віктара Дашкевіча?

Дракахруст: У інтэрнэце ходзіць шмат чутак, інфармацыі пра тое, што насамрэч і захварэлых, і памерлых ад каранавірусу нашмат больш, чым пра гэта паведамляецца афіцыйна. Вядома, што шэраг дактароў знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні інфармацыі. Аднак сёньня было афіцыйна паведамлена пра сьмерць ад каранавірусу актора віцебскага тэатру Віктара Дашкевіча. А чаму не схавалі, чаму не абвясьцілі, што ён памёр, скажам, ад пнэўманіі? І больш шырокае пытаньне — а колькі сьмерцяў ад пандэміі можна схаваць?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці: актор Віктар Дашкевіч, першая ахвяра каранавірусу ў Беларусі

Карбалевіч: Цяжка дакладна адказаць на гэтае пытаньне. Шмат залежыць ад таго, што стала вядома незалежным мэдыям. Вось тыдзень таму ў тым самым Віцебску памерла 58-гадовая жанчына. Некаторыя незалежныя СМІ апавядалі, што спачатку мэдыкі паведамілі родзічам, нібыта яна хварэла на каранавірус. Аднак даказаць гэта было цяжка, жанчына нікому не вядомая. І, у рэшце рэшт, міністэрства аховы здароўя паведаміла, што яна памерла ад пнэўманіі.

А вось зь сьмерцью віцебскага актора Віктара Дашкевіча сытуацыя была іншая. Чалавек вядомы. СМІ пісалі, што ён хварэе на каранавірус, пра гэта паведамлялі ягоныя калегі па тэатры, таксама публічныя людзі. І ўлады прызналі факт сьмерці ад каранавірусу, сам Лукашэнка казаў пра гэта. То бок, гэта залежыць ад маштабу публічнасьці, увагі грамадзкасьці да таго або іншага выпадку. І ўлады прымаюць гэта пад увагу.

Улады будуць вымушаныя парушыць гэтую змову маўчаньня, калі маштаб пандэміі стане вялікі, значна павялічыцца колькасьць сьмяротных выпадкаў. І калі дактары вырашацца выйсьці за межы, якія ім паставіла палітычная ўлада. Гэта таксама залежыць ад актыўнасьці грамадзтва, грамадзянскай супольнасьці. Калі сытуацыя набудзе трагічны трэнд, то, не выключаю, і некаторыя дзяржаўныя ці абдзяржаўленыя структуры спыняць маўчаньне. І, магчыма, плаціну прарве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта баль падчас халеры». Як выглядае Віцебск падчас эпідэміі каранавірусу. ФОТА, ВІДЭА

Цыганкоў: У беларускай сыстэме мэдыцыны ня ўсё можа залежаць ад сумленьня канкрэтных мэдыкаў. Напрыклад, у нейкую бальніцу завезьлі кантакцёраў першага і другога ўзроўню з падазрэньнем на каранавірус. Ім робяць тэсты, у асобных лябараторыях ведаюць вынікі тэстаў па нейкіх канкрэтных шпіталях. Потым гэтыя вынікі паведамляюць у шпіталь, і дактары могуць ведаць, колькі хворых мае каранавірус, толькі пра свой шпіталь. Агульную карціну ведае толькі мэдычнае начальства на ўзроўні міністэрства. І калі нейкі чыноўнік міністэрства пажадае схаваць агульную статыстыку, то ніхто з тысячаў сумленных дактароў нічога ня зробіць, бо ён ведае праўду толькі на сваім канкрэтным участку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня паступіла 15 пацыентаў з пнэўманіяй. Гэта звычайная сытуацыя». Што кажуць у віцебскіх лякарнях

Гэта можна параўнаць з фальсыфікацыяй выбараў. Былі ўчасткі, дзе паведамлялі праўду — альбо з прычыны назіральнікаў, альбо зь перакананьня. Паўсюль за Лукашэнку было 80%, а на адным участку — 35%. Але агульную карціну падавала ЦВК на чале зь Ярмошынай. Так і тут. Зьменіцца нешта толькі тады, калі градус абурэньня і цікавасьці да гэтай тэмы ў грамадзтве прывядзе да таго, што ўлада вырашыць, што для яе недарэчна і нават небясьпечна хаваць сапраўдныя лічбы.

Прарваць плаціну, як сказаў Валер, можа тады, калі ў многіх людзей зьявяцца знаёмыя, блізкія, хворыя на каранавірус, калі гэтая тэма перастане для большасьці быць тэарэтычнай. Бо калі міністэрства кажа 150, а на самой справе 250 — то гэта нікога асабіста не закране, бо гэта маленькая доля працэнта. Але калі будзе 15 тысяч (пры гэтым тысяча ў адным нейкім месцы), а міністэрства будзе казаць 150 — то гэта ўжо ня можа прайсьці незаўважаным.

«Разгойдваньне сытуацыі і падрыў даверу да ўлады»

Дракахруст: Вось яшчэ адно сёньняшняе паведамленьне БЕЛТА:

«Эйсмант распавяла пра прычыны даручэньня Лукашэнкі запрасіць у Беларусь спэцыялістаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя

Прэсавая сакратарка кіраўніка дзяржавы Натальля Эйсмант заявіла: «Гэтае даручэньне зьвязанае з тым, што мы цяпер жывём ва ўмовах у тым ліку і інфармацыйнага каранавірусу. Штодня і штогадзіны назіраем шматлікія спробы як мага мацней разгайдаць сытуацыю ў СМІ. Мы ўсё адсочваем і бачым вельмі шмат размоваў, спробаў дэзінфармаваць людзей, выкарыстаць сытуацыю для таго, каб падарваць давер да ўлады».

Натальля Эйсмант

Можа спадарыня Эйсмант і сапраўды мае рацыю і нехта спрабуе, як яна сказала, разгайдаць сытуацыю, падарваць давер да ўлады? Эпідэміі не адмяняюць палітычнай барацьбы.

Карбалевіч: Ніхто больш не падрывае давер да ўлады, як самі ўлады. Цяпер, асабліва апошнімі днямі, гэты давер рэзка зьнізіўся ў сувязі зь іх інфармацыйнай палітыкай. То бок улады моцна падстаўляюцца.

Бо сёньняшняя сытуацыя моцна адрозьніваецца ад постчарнобыльскай. Сёньня існуе інтэрнэт. Людзі глядзяць расейскія тэлеканалы, дзе інфармацыя пра пандэмію моцна адрозьніваецца аб той, якую падае БТ. І тое, што беларускія ўлады супрацьпастаўляюць сябе ўсяму сьвету, большасьць беларусаў ведае.

І наконт карантыну. Справа ў тым, што розныя людзі пад гэтым тэрмінам разумеюць розныя рэчы. Улады штучна робяць маніпуляцыю, падмену сутнасьці праблемы, фармулююць ілжывую дылему. У Беларусі мала хто заклікае ўвогуле зрабіць локдаўн, то бок поўнае спыненьне ўсяго эканамічнага жыцьця. Можна было ўвесьці частковы карантын, адмяніць масавыя мерапрыемствы, якія не наносяць ніякай шкоды эканоміцы. У прыватнасьці, якія эканамічныя страты краіна панясе ад адмены параду на 9 траўня, спыненьня заняткаў ва ўнівэрсытэтах, забароны наведваньня цэркваў, адмены спартовых мерапрыемстваў?

Вось Беларусь і Нікарагуа — адзіныя краіны ў сьвеце, якія не спынілі нацыянальныя чэмпіянаты па футболе. Як вядома, абсалютная большасьць футбольных клюбаў Беларусі датуюцца дзяржавай. І ад спыненьня чэмпіянату эканоміка краіны толькі выйграла б.

Ці хоць забясьпечыць маскамі супрацоўнікаў сфэры абслугоўваньня (касіраў у супэрмаркетах, прадаўцоў, афіцыянтаў і інш.).

Цыганкоў: Давер да ўлады можна падрываць — гэта і ёсьць палітыка. Асабліва, калі ўлада даўно не выклікае гэтага даверу. У тых самых ЗША ўсё значна больш жорстка, нават на фоне пандэміі апазыцыя, Дэмакратычная партыя, рэзка процістаіць многім крокам прэзыдэнта Трампа па барацьбе з каранавірусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Фукуяма: У барацьбе з каранавірусам важныя не аўтарытарызм ці дэмакратыя, а давер да ўлады

У нас многія апазыцыйныя палітыкі заклікаюць да карантыну ў Беларусі. Тут такая асаблівасьць, што карантын уводзіць улада, адпаведна і яна (а не апазыцыя) будзе адказваць за ягоныя нэгатыўныя эканамічныя наступствы. Да таго ж можна сказаць, што электарат апазыцыі ў большай ступені чым электарат Лукашэнкі, выступае за карантын. У гэтым сэнсе апазыцыя выказвае тое, пра што думаюць і што жадаюць даволі многія людзі ў Беларусі — але нам цяжка сказаць, які дакладна працэнт.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ