Ад 31 сакавіка ўвесь калектыў нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску накіравалі ў адпачынак. Пра гэта паведаміў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў тэатру, экс-дырэктар установы Рыгор Шацько.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Усяго паводле ягоных падлікаў 5 супрацоўніках тэатру цяпер шпіталізаваныя ў лячэбныя ўстановы Віцебска. «Яны маладзейшыя за памерлага Дашкевіча, спадзяемся вытрываюць. Ні ў кога зь іх лекары ня выявілі каранавірус».
31 сакавіка стала вядома што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая сьмерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар ДашкевічДнём раней ягоная жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго выявілі COVID-19. Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.
Жонка актора кажа, што як мінімум 7 актораў Коласаўскага тэатра знаходзяцца на бальнічным, большасьць з пнэўманіяй.
Актор 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацьвердзілі, што адзін з актораў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць найбліжэйшыя спэктаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сьмерці ад каранавірусу актора зь Віцебску пачалі зьбіраць подпісы за карантын у тэатрах
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ