Што кажуць у віцебскіх лякарнях, ці паступаюць туды пацыенты з каранавірусам і пнэўманіямі? Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся з пытаньнямі ў шэраг віцебскіх лякарняў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што адбываецца ў Віцебску. Сьцісла
- 31 сакавіка ў Віцебску памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.
- Віцебскі гарвыканкам яшчэ да выходных зацьвердзіў надзвычайны плян дадатковых захадаў для прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюду каранавірусу ды іншых рэсьпіраторных інфэкцый.
- 29 сакавіка тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю, што міліцыі забаранілі выяжджаць і заяжджаць на Віцебшчыну. У МУС сказалі, што гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў.
- «Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2–3 разы больш [чым звычайна], — сказала Свабодзе 30 сакавіка доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў. — Я памятаю эпідэмію 2009 году, калі ў нас быў сьвіны грып, дык такога не было, каб у нас 4 шпіталі былі закрытыя пад пнэўманіі. То бок кожная рэанімацыя неяк давала рады. Але каб цэлымі шпіталямі закрываліся, не было такога».
- «Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласьць у нас заўсёды і кліматам іншая, і троху зрушыўся гэты пік захворваньня. Сёньня там працуе міністар аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спэцыялістаў, каб яны зьвярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы», — сказаў 31 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў размове з старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор». Што адбываецца ў інфэкцыйным шпіталі ў Віцебску вачыма пацыента
«Працуем у штатным рэжыме»
Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1 Дзьмітры Казлоўскі сказаў Свабодзе, што бальніца поўнасьцю перапрафіляваная і цяпер працуе на прыём пацыентаў з пнэўманіямі.
«Мы пакуль працуем на горад, пацыенты паступаюць. Пацыенты з каранавірусам лечацца ня ў нас, а ў інфэкцыйнай бальніцы. Да нас ідуць звычайныя пнэўманіі. Сёньня з 7 гадзін раніцы і на 14 гадзін паступіла каля 15 чалавек. Гэта звычайная сытуацыя, ня нешта звышнатуральнае. Працуем у штатным рэжыме».
Агульную статыстыку ён параіў даведацца ва ўпраўленьні аховы здароўя.
«Адзінкавыя выпадкі каранавірусу ў нас ёсьць, але пераважна гэта сэзонныя пнэўманіі»
Галоўны лекар Віцебскага абласнога клінічнага спэцыялізаванага цэнтру Валеры Дзенісенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў іх таксама лечаць пацыентаў з пнэўманіямі.
«Ёсьць патрэба, лечым пнэўманіі, іх у нас нямнога. Мы займаемся, вынікі добрыя, даволі многа выпісалі. Гэта сэзонныя пнэўманіі, якія бываюць штогод. Таму часова, кароткі прамежак часу, мы дапамагаем лячыць такіх пацыентаў. Адзінкавыя выпадкі каранавірусу ў нас ёсьць, але пераважна гэта сэзонныя пнэўманіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркіНамесьнік галоўнага лекара Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру дэрматавэнэралёгіі і касмэталёгіі Віктар Салароў, адказваючы на пытаньне, ці перапрафіляваны цэнтар на лекаваньне пацыентаў з пнэўманіямі, паведаміў: «Праца вядзецца плянавая, бязь нейкіх нюансаў і пытаньняў, поўнае ўзаемаразуменьне. І многія ўстановы аховы здароўя працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Штатны расклад не павялічыўся і адпавядае адпаведным нарматывам, і бальніца працуе ў штатным раскладзе».
Галоўны ўрач рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Сасноўка» Сьвятлана Царкоўская паведаміла, што хворыя з пнэўманіямі да іх у лякарню не паступаюць.
«У нас не памяняўся наш статус. Мы працуем, як і працавалі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ