Беларусь запросіць спэцыялістаў Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) для ацэнкі працы сыстэмы аховы здароўя ў краіне, заявіла журналістам 31 сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, паведамляе БелТА.
«Каб усе нашы грамадзяне былі ўпэўненыя, што ўлада нічога ня ўтойвае і не спрабуе прыгладзіць сытуацыю, мне дадзена даручэньне зьвязацца са спэцыялістамі Сусьветнай арганізацыі здароўя і запрасіць іх да нас у краіну, каб яны далі рэальную ацэнку рабоце нашай сыстэмы аховы здароўя», — сказала Натальля Качанава.
Паводле Качанавай, на фоне распаўсюджваньня ў сьвеце каранавірусу ў Беларусі цяпер гучаць розныя прапановы, аж да закрыцьця прадпрыемстваў, але «для такіх мер няма падстаў». «Мы выдатна разумеем: эпідэмія пройдзе, а з чым застанецца краіна? У нас няма такой сытуацыі, каб трэба было закрываць нейкія прадпрыемствы. Таму эканоміка ў прыярытэце: праца прадпрыемстваў, выкананьне задач, якія стаяць перад намі», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая сьмерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар ДашкевічМіністэрства аховы здароўя Беларусі не паведамляе пра новыя выпадкі заражэньня каранавірусам у Беларусі кожны дзень. Дзяржаўныя органы нярэдка не даюць своечасовую і дакладную інфармацыю пра сытуацыю з COVID-19 журналістам, не заўжды адказваюць на пытаньні і звароты.
Беларускія лекары, між тым, расказваюць пра тое, што многія шпіталі тэрмінова перапрафілююць пад хворых на каранавірус і тых, хто зь імі кантактаваў, што многія шпіталі ўжо перапоўненыя, што выпадкаў пнэўманіі стала значна больш, кажуць нават, што «ўдвая-ўтрая», але аналіз на каранавірус бяруць ня ўсім, і, на думку дактароў, людзям, у якіх каранавірус, у мэдыцынскай картцы пра гэта пісаць ня будуць і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У прычынах сьмерці каранавірус не напішуць». Лекаркі пра тое, што цяпер адбываецца ў менскіх шпіталях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВ
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ