Заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацько паўтара дзясятка гадоў адпрацаваў дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Увесь гэты час ён быў поруч зь Віктарам Дашкевічам, першай ахвярай пандэміі каранавірусу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая сьмерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар ДашкевічРыгор Іванавіч з сумам кажа, што цяпер на чарзе ўсе астатнія: зь Міністэрства культуры прыйшоў загад працэсу не спыняць, рэпэтыцыі працягваць.
Намесьніца начальніка аддзелу арганізацыйнай працы і дакумэнтазвароту Міністэства культуры Ілона Немана паведаміла Свабодзе, што Мінкульт разумее сур’ёзнасьць сытуацыі, сёньня цягам дня будзе прынятае рашэньне, што рабіць далей — ці скасоўваць рэпэтыцыі ў Віцебскім тэатры.
«Працуем, як быццам нічога ня здарылася, — наракае Рыгор Шацько у інтэрвію Свабодзе. — Дакладней, спэктаклі адмянілі, і хапіла ж розуму спаслацца толькі на тое, што глядач не ідзе – народ сам аб’явіў карантын. А заразы ў нас нібыта няма ніякай, таму ўсе павінны заставацца на месцы. Пакуль што перайшлі ў рэжым рэпэтыцый».
Выглядае, што сьмерць Віктара Дашкевіча ад каранавірусу ня лічыцца важнай прычынай, каб паставіць дзейнасьць тэатру на паўзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А ён, небарака, ня вытрымаў». Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусамШацько згадвае, што ў тэатры «чалавек пад 10 хварэлі»:
«Іншая справа, што ён такі ж, як і я, астматык, слабыя лёгкія меў, карацей, поўны набор. Вось сяджу, чакаю, калі і ў мяне пачнецца. Колькі даецца, 14 дзён? Мы ж штодня кантактавалі – і на сцэне, і па-за тэатрам. Таму напружаньне вялікае. І пры гэтым прымушаюць працаваць. Сапраўдны баль падчас чумы…»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркіАртыст кажа, што адміністрацыя тэатру была б толькі радая закрыцца на карантын, але ня здольная супрацьстаяць вышэйшым інстанцыям. Асабліва яго абурае, што такое стаўленьне не спыніла нават сьмерць калегі — прычым ад хваробы, прызнанай сусьветнай пагрозай.
«Прыяжджаў да нас міністар аховы здароўя, дык усё сумняваўся: ня тыя тэсты, ня так паказвае… Скажу так: ніхто ім ужо ня верыць, прынамсі ў Віцебску вельмі вялікая напружаньне. Народ да панікі гатовы, як бы не жартаваў «бацька». Наша кіраўніцтва ўсё цудоўна разумее, але куды падзецца? Дырэктара выклікаюць, павінен падпарадкоўвацца. Адпаведна, выдае працоўны загад па тэатры. Ні ўлева, ні ўправа. Добра, што хоць ня будзе гледачоў. Дык, высьвятляецца, гэта мы цяпер ня зможам заражаць, а не наадварот, чаго дагэтуль засьцерагаліся».
Працягваць масава зьбірацца ў такі час — гэта грэх, кажа Рыгор Шацько. І той, хто штурхае людзей на такое, мусіць моцна пашкадаваць. Але каб ня стала занадта позна.
«Я 15 гадоў адпрацаваў дырэктарам, ведаю, што адстойваць сваю думку вельмі цяжка. Вось і цяперашні кіраўнік круціцца, як можа, а што толку? Здаецца, усё відавочна: не ідзе глядач, для каго тая паказуха? Нам адказваюць: так, спэктакляў ня будзе, а рэпэтыцыі мусяць застацца. Затэлефанаваў мастацкаму кіраўніку, пацьвердзіў, што зьбіраемся. Кажу, пастойце за тры мэтры адзін ад аднаго, зрабіце выгляд, што правялі. Не бярыце грэх на душу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор». Што адбываецца ў інфэкцыйным шпіталі ў Віцебску вачыма пацыентаНа пытаньне, ці бралі тэсты на каранавірус у астатніх артыстаў, якія шчыльна кантактавалі зь Віктарам Дашкевічам, адказвае, што ніхто з падобнай ініцыятывай нават не выходзіў.
«Якія тэсты? Пазаўчора была прэм’ера спэктакля паводле Мрожэка, і гледачы ў залі сядзелі, і мастацкая рада зьбіралася. Працавалі пільна і шчыльна. Хоць ужо ведалі, што два чалавекі шпіталізаваныя з падазрэньнем на найгоршае — Віктар і ягоная жонка, яна ў нас загадчыца літаратурнай часткі.
Але што дзіўна: у выніку ў яе запаленьне лёгкіх, а ў яго каранавірус. Каб не памёр, дык таксама лічылася б, што прастуда. І ўсё роўна працягваюць рабіць выгляд, што нічога страшнага, усё пад кантролем. Мабыць, проста няма грошай на дасьледаваньні. Чаму ў ЗША так шмат хворых? Таму што выяўляюць. А тут жа ці ня робяць, ці ўтойваюць, адно з двух».
Зыходзячы з дыягназу Віктара Дашкевіча, сябе Рыгор Іванавіч называе «наступным сьмяротнікам». Каранавірус паражае найперш хворыя лёгкія. У яго таксама хворыя лёгкія, плюс праблемныя ныркі. Але гатовы да таго, што паставяць дыягназ «запаленьне лёгкіх».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.