Камітэт дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства Дзярждумы Расеі ўхваліў папраўкі да законапраекту пра крымінальны перасьлед парушальнікаў карантыну. Яны прадугледжваюць турэмнае зьняволеньне за распаўсюд фэйкаў аб эпідэміях і стыхійных бедзтвах.
Паводле паправак, апублікаваных на сайце ніжняй палаты расейскага парлямэнту, Крымінальны кодэкс прапаноўваецца дапоўніць новым артыкулам, які складаецца зь дзьвюх частак.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Першая – пра публічны распаўсюд заведама лжывай інфармацыі пра абставіны, якія ствараюць пагрозу жыцьцю і бясьпецы грамадзян. Такімі абставінамі ў дакумэнце называюцца эпідэміі, стыхійныя бедзтвы, якія прывялі да або здольныя прывесьці да чалавечых ахвяр або шкоды здароўю людзей. Пакараньне паводле гэтай часткі артыкулу прадугледжвае штрафы ад 300 тысяч да 700 тысяч расейскіх рублёў (каля $3700 – $8800), альбо абавязковыя работы на тэрмін да 360 гадзін, або папраўчыя работы на тэрмін да 1 году, альбо абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пайду валянтэркай у шпіталь», — былая галоўная доктарка прыватнага мэдцэнтруДругая частка артыкулу прызначана на выпадак сьмерці або «іншых цяжкіх наступстваў», якія адбыліся праз хлусьлівую інфармацыю. У гэтым выпадку парушальніку будзе пагражаць штраф ад 1,5 да 2 мільёнаў рублёў (каля $18 800 – $25 000), папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, прымусовыя работы на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ