У Цэнтральным парку Нью-Ёрку разгорнуць палявы шпіталь

Цэнтральны парк, 29 сакавіка 2020

У шпіталі на 68 ложкаў, які стварае хрысьціянская гуманітарная арганізацыя, будуць лячыць пацыентаў з каранавірусам.

Перагружаная сыстэма аховы здароўя Нью-Ёрку ў найбліжэйшым часе атрымае пэўную дапамогу. У горад мае прыбыць карабель-шпіталь ВМС для дагляду за звычайнымі пацыентамі, а таксама будзе разгорнуты новы палявы шпіталь для працы з інфікаванымі каранавірусам.

Палявы шпіталь на 68 ложкаў ствараецца ў культавым месцы гораду — Цэнтральным парку.

Губэрнатар Эндру Куома паведаміў, што адкрыцьцё шпіталя плянуецца на аўторак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урадавы экспэрт: У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек

За праектам стаіць базаваная ў ЗША глябальная хрысьціянская гуманітарная арганізацыя «Кашалёк самараніна» (Samaritan’s Purse).

Арганізацыя кажа, што ў шпіталі будзе працаваць каманда лекараў і мэдсёстраў з шпітальнай сеткі Mount Sinai Health System.

Падобны шпіталь ужо працуе на пацярпелай ад вірусу поўначы Італіі.

У Нью-Ёрку зарэгістравана больш за 33 тысячы выпадкаў каранавірусу і амаль 800 сьмяротных зыходаў.