Прычына — падазрэньне на хваробу ў адной з настаўніц Доктаравіцкай сярэдняй школы. Яе шпіталізавалі больш за два тыдні таму.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Доктаравіцкая школа — у Капыльскім раёне, тут вучацца дзеці адразу зь некалькіх суседніх вёсак. У сярэдзіне сакавіка адну з настаўніц паклалі ў раённы шпіталь. А 29 чысла, раніцай у нядзелю, па вёсцы Новыя Доктаравічы, што найбліжэй да школы, пачалі хадзіць мэдыкі і браць аналізы ва ўсіх дзяцей. Дарослым адмаўлялі, толькі мералі тэмпэратуру.
«Каля дзявятай раніцы яны прыйшлі, — расказвае Свабодзе мясцовая жыхарка Натальля. — Мазкі бралі толькі ў дзяцей, у дарослых — не. Мы прасілі, але нам адмовілі яны. А сёньня пазванілі са школы, намесьніца дырэктара, і сказала, што трэба дзяцей сабраць. Што іх павязуць у бальніцу ў Капыль нібыта».
З Натальляй размаўляем каля школы, у прызначаны адміністрацыяй час сюды прывозяць дзяцей мясцовыя жыхары. Хто на аўтамабілі, хто на ровары, хто пешшу. Большасьць дзяцей у масках, дарослыя таксама.
«Зразумейце, мы баімся, — кажа Натальля. — Нам нічога не тлумачаць. Куды павязуць зараз дзяцей, навошта? Частка бацькоў, я таксама, зьбіраецца пісаць адмову. Я баюся, што там маё дзіця можа заразіцца нечым. А калі нам аддадуць дзяцей назад? Гэта ж нічога не вядома. І чаму толькі дзяцей правяраюць, дарослых чаму не? Муж гэтай настаўніцы ўчора хадзіў па вёсцы, яго бачылі на вуліцах. Чаму яго не забралі праверыць?»
Называць прозьвішча хворай настаўніцы Натальля адмаўляецца. Расказвае, што пра яе станоўчы аналіз на каранавірус ведае ад мэдыкаў, якія прыходзілі браць аналізы ў дзяцей. Яшчэ зімой да настаўніцы прыяжджаў сваяк, які працуе дальнабойшчыкам і быў у Эўропе.
Настаўніцу нібыта ўжо перавезьлі ў Менск, пра яе стан нічога ў вёсцы не вядома. Разам зь ёй, як кажуць жыхары Новых Доктаравічаў, у сталіцу адвезьлі яшчэ некалькі хворых з капыльскай бальніцы. Але падрабязнасьцяў вяскоўцы ня ведаюць, усё на ўзроўні чутак.
«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?! — бацькі вучняў зьбіраюцца на школьным ганку. — Я свайго нікому не аддам, хай робяць што хочуць».
Мужчыны настроеныя рашуча. Па іх словах, школьная адміністрацыя нікому нічога не тлумачыць. Не ўдаецца даведацца больш і нам.
«Я нічога вам камэнтаваць ня буду, ідзіце адсюль, якое вы маеце права тут знаходзіцца? — катэгарычна адмаўляецца размаўляць з журналістамі супрацоўніца школьнай адміністрацыі. — Гэта тэрыторыя школы, сыходзьце!».
Вакацыі ў доктаравіцкай школе пачаліся толькі зь сёньняшняга дня. Па словах бацькоў, дзяцей прасілі прывесьці ў школу ў абед панядзелка, 30 сакавіка. Але не з усіх клясаў, а толькі зь некаторых.
Як мяркуюць дарослыя, дадаткова правяраць будуць вучняў тых клясаў, якія кантактавалі з хворай настаўніцай.
Ад школы аўтобус з вучнямі доктаравіцкай школы прыехаў у Капыль, у раённы шпіталь.
Ад раніцы 30 сакавіка шпіталь закрыты для наведваньня «ў сувязі з уздымам захворваньняў».
Першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Менскага аблвыканкама Зіновій Гозман сказаў карэспандэнту Свабоды, што «эпідсытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь можа камэнтаваць Міністэрства аховы здароўя».
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя пакуль не ўдалося атрымаць інфармацыю пра тое, куды і па якой прычыне павезьлі школьнікаў з Дактаравіцкай сярэдняй школы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ